«Падманулі нас улады!» Маці-328 распавялі пра вынікі паседжання Палаты прадстаўнікоў


Маці асуджаных паводле артыкулу 328 прыйшлі ў Палату прадстаўнікоў. Яны абураныя тым, што змены ў Крымінальны кодэкс, датычныя незаконнага звароту наркотыкаў, дэпутаты гэтак і не разгледзелі.

«Вельмі хочацца сёння, каб змяніўся рэгламент, каб яны падоўжылі сесію хаця б на некалькі дзён і выканалі свае абавязкі. Тое, што нашыя дэпутаты кажуць, цяпер яны гэта каментуюць ужо праз некалькі гадзінаў аб тым, што яны нічога не абяцалі, – гэта хлусня», – кажа Таццяна Канеўская, рух «Маці 328».

На разгляд дэпутатаў у другім чытанні законапраект вынеслі ўчора. Аднак гэтак званы антынаркатычны, 328 артыкул Крымінальнага кодэксу папросту знялі з галасавання. Васіль Чэкан, сябра сталай камісіі па нацыянальнай бяспецы:

– Чаму ўсё ж такі 328-ы вынеслі з разгляду?

– Прабачце мяне, я не на прэс-канферэнцыю прыйшоў, а сустракацца з маці. І вы мне пачынаеце задаваць пытанні.

Што праўда, пазней дэпутат патлумачыў жанчынам рашэнне гэтак: датычна 328-га артыкулу не ўзгаднілі змены ў Міністэрстве ўнутраных справаў і Вярхоўным Судзе. Аднак дагэтуль было вядома, што ўвесь праект зменаў, за які ў першым чытанні дэпутаты прагаласавалі амаль адзінагалосна, прайшоў узгадненні. А кіраўнік камісіі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі выказаў іншую версію.

«Міхневіч сыходзіў ад адказу, ён казаў, што выключылі таму, што патрабуюцца дапрацоўкі па прапановах маці. Паступілі прапановы змяніць тое-сёе. Па няпоўнагадовых, па чацвёртай частцы. Але я разумею, што гэтыя маці не ёсць суб’ектам заканадаўчай ініцыятывы. Савет Міністраў унёс гэты праект на разгляд, і як наступства, ён можа ўносіць змены, або дэпутаты», – гаворыць Ліяна Шуба, рух «Маці 328»:

Між тым папраўкі, якіх так чакалі жанчыны, датычылі важнага пытання – скарачэння тэрмінаў зняволення на два гады для асуджаных паводле 2-й, 3-й часткі, за распаўсюд. Паводле маці, асуджаныя хаця і спажывалі, але не гандлявалі наркатычнымі сродкамі. А таму тэрміны 5, 8, 10 ды ажно 12 гадоў зняволення – неапраўдана вялікія.

«Даюць гэтым маладым хлопцам па 10–12 гадоў паводле паказанняў зацікаўленых асобаў, наркаманаў, якія даюць паказанні і кажуць: я набыў у гэтага чалавека. Гэта палова ад таго, што я, напрыклад, чытала сама. З гэтым праблема ў правапрымяняльнай практыцы, у следстве, у судовай сістэме, якую трэба таксама мяняць», – каментуе Вольга Кавалькова, юрыст, сустаршыня «БХД».

Гэтак, разгледзець змены ў артыкул 328 Крымінальнага кодэксу дэпутаты паабяцалі на наступнай сесіі 2-га красавіка. Аднак на чарговыя абяцанні дэпутатаў жанчыны маюць мала надзеі ды ўжо неўзабаве збіраюцца ўзняць пытанне на прыёме ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Юлія Лабанава, belsat.eu