Вялікдзень мусіў бы быць часам замірэння і спакою, аднак пагрозы, у тым ліку тэрарыстычныя, застаюцца актуальныя. Каб падчас святочных богаслужэнняў усё прайшло добра, у асноўных хрысціянскіх святынях павышаны ўзровень захадаў бяспекі. Падрабязней Наста Ільіна.
Велікодныя богаслужэнні ў большасці хрысціянскіх краінаў звычайна адбываюцца ўначы або (як, напрыклад, у Сербіі) раніцаю, на світанку.
Укрыжаванне Хрыстова – самы журботны момант святога тыдня. Гэтак, у Мексіцы ў розных гарадах прайшлі традыцыйныя шэсці, якія сімвалізуюць крыжовы шлях Хрыста на Галгофу і Ягоныя пакуты.
А ў капліцы над Дамавінаю Гасподняй у Іерусаліме дзясяткі тысячаў вернікаў традыцыйна чакалі сыходу дабрадатнага агню. Сёлета там увялі павышаныя захады бяспекі.
Каментуе прадстаўнік ізраільскай паліцыі Мікі Рознфэльд:
«Задзейнічаныя сотні працаўнікоў паліцыі, у тым ліку памежнай паліцыі ў раёне старога гораду для таго, каб пераканацца, што не будзе ніякіх інцыдэнтаў. Тысячы турыстаў наведаюць гэтае месца – пілігрымы і прадстаўнікі царквы з усяго свету».
Пра захады бяспекі кажуць і ў Егіпце, дзе тыдзень таму дзясяткі вернікаў копцкай царквы загінулі ў выніку двух выбухаў падчас багаслужэнняў у святынях. Адказнасць за тэрарыстычныя атакі ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава». З прычыны чаго па ўсёй краіне традыцыйныя святы Вялікадня былі скарочаныя, а большасць копцкіх хрысціянаў застаецца святкаваць у сямейным коле.
«Мы патрабуем часу, але пакуль мы гэтага не змянілі, то адчуваем смутак і боль. Можа, гэта агонь унутры нас зможа нешта змяніць, калі людзі і дзяржава будуць нешта рабіць разам», – кажа копцкая хрысціянка Мага Рагаай.
Ахвяраў у Егіпце і Сірыі ўзгадвалі ў велікоднай малітве і ў базіліцы Святога Пятра ў Рыме:
«Рэдка здараюцца вечаровыя навіны без гвалту. У апошнія дні іх было зашмат: сірыйскія дзеці, якія загінулі ад хімічнай зброі, 38 копцкіх хрысціянаў у Егіпце былі забітыя ў Вербную Нядзелю», кажа Раньера Канталямэса, паскі прапаведнік.
Сёлета вернікі як заходняй, гэтак і ўсходняй хрысціянскай царквы святкуюць Вялікдзень у адзін дзень. Вялікодныя Святы ў Грэцыі азмрочаныя цяжкаю эканамічнаю сітуацыяй у краіне, з якою апошнія гады безвынікова спрабуе выбрацца левая кааліцыя СІРЫЗА:
«Я жадаю, каб уваскрасенне сёлета было асаблівае для ўсіх нас, што яно прынясе нам радасць, надзею і дасць новы імпульс у нашай краіне».
У Вялікую Суботу Патрыярх Расейскай Праваслаўнай Царквы Кірыл адслужыў Літургію Васіля Вялікага ў царкве Хрыста Збаўцы ў Маскве і прачытаў малітву аб пакоі на Святой Зямлі.