Падаецца, Масква гатовая вызваліць Алега Сянцова. Але невядома калі


Адразу некалькі расейскіх выданняў і тэлеграм-каналаў паведамілі, што ўкраінскага рэжысёра і актывіста прывезлі ў адну з маскоўскіх турмаў. Асуджаны ў Расеі на 20 гадоў турмы паводле абвінавачвання ў тэрарызме, Сянцоў адбываў пакаранне ў калоніі Лабытнангі.

У апошняй турме інфармацыю зняпраўджваюць, але стрыечная сястра рэжысёра кажа, што ён менавіта ў «Лефортава».

Гаворка можа ісці аб вызваленні ў рамках абмену зняволенымі паміж Кіевам і Масквой. Чатыры гады таму расейскі суд прыгаварыў Сянцова да 20 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавачвалі ў тэрарыстычнай дзейнасці ў Крыме.

Матэрыял Яна Маравіцкага глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 жніўня

Напярэдадні стала вядома пра вызваленне ў Кіеве кіраўніка парталу «РИА Новости Украина» Кірыла Вышынскага. Яго абвінавачваюць у падтрыманні прарасейскіх баевікоў і дзяржаўнай здрадзе. Украінскі суд вызваліў Вышынскага пад асабістае абавязацельства: ён мае з’яўляцца ў суд па першым патрабаванні, паведамляць аб змене месца жыхарства і ўстрымацца ад зносінаў са сведкамі ў ягонай справе.

«Я, вядома, вельмі задаволены, што апынуўся на свабодзе. Гэтаму быў бы задаволены любы чалавек» – кажа самый Вышынскі.

Раней адміністрацыя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага прапанавала Крамлю вызваліць Алега Сянцова адначасова з вызваленнем у Кіеве Кірыла Вышынскага. Таму, імаверна, у гэткай канфігурацыі і будзе адбывацца абмен.

Пракуратура Украіны напярэдадні абвесціла, што Вышынскі на гэта пагадзіўся.

«Алег Сянцоў у «Лефортава». Паводле той інфармацыі, што я маю, у пятніцу павінны прыбыць. Усе разам. Але гэта ўсё толькі дапушчэнне», – паведаміў дэпутат Вярхоўнай Рады Ахтэм Чыйгоз.

Раней у маскоўскім СІЗА пацвердзілі, што туды перавялі некалькіх украінскіх грамадзянаў. Яны былі арыштаваныя расейскімі ўладамі, як лічаць у Кіеве, паводле палітычных матываў.

Агулам у абмене з кожнага з бакоў могуць узяць удзел больш за 30 чалавек. У тым ліку ўкраінскія маракі, якіх захапіў у палон расейскі спецназ у Керчанскай пратоцы летась у лістападзе.

Аднак напярэдадні з’явілася інфармацыя, што абмен, прызначаны на сярэдзіну гэтага тыдня, могуць перанесці на нявызначаны тэрмін.

«Пакуль няма ўказу аб памілаванні, хутчэй за ўсё, ёсць нейкія сілы ў офісе Уладзіміра Зяленскага, якія хочуць сарваць абмен, абрушыць ягоны рэйтынг» – кажа адвакат Валянцін Рыбін.

Тэма абмену палоннымі паміж Украінай і Расеяй з’явілася ў медыях гэтым летам. Адным з яе сюжэтаў была завочная дыскусія паміж Уладзімірам Зяленскім і дэпутатам Вярхоўнай Рады, лідарам «Апазіцыйнай платформы» Віктарам Медведчуком.

Апошні вёў перамовы з прарасейскімі баевікамі з Данбасу і дамогся вызвалення некалькіх украінскіх ваеннапалонных.

19 жніўня адбылася размова расейскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Як сцвярджае галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў, акурат пасля гэтай сустрэчы Алега Сянцова і перавезлі ў Маскву.

Ян Маравіцкі, «Белсат»