Падачу цяпла ў Маскоўскім раёне Менску аднавілі. Як гэтыя содні правялі жыхары?


Hавiны
Рамонтныя працы цеплаправоду працягваюцца ў Менску, у Воршы – скончаныя
2021.01.22 08:32

Алена Данко, якая ўвесь час жыве ў Маскоўскім раёне, распавядае: да апошняга лета праблемаў з камунальнымі паслугамі не было. Спачатку – атручаная вада, цяпер – уся сям’я вымушаная грэцца падручнымі сродкамі. Добра, што ёсць абагравальнік і духоўка.

«З крану цячэ толькі халодная вада. У кране з гарачай – вада ёсць, але яна халодная, і халодная батарэя. Гэта добра, што ў мяне ўжо дзіця падрослае. Калі б, напрыклад, было немаўля, то гэта б было больш праблематычна», – упэўненая Алена.

У навучальных установах праблемы такія ж самыя, таму заняткі ў школах перанеслі на заўтра. У садках ратаваліся агульнымі сіламі. Інфармацыя аб аварыі ледзьве паспела зʼявіцца, як беларусы кансалідаваліся.

«Учора выйшлі ў «Інстаграм» і казалі, што «магу ўзяць дваіх чалавек начаваць». Гэта ж беларусы»

«Цяжка без ацяплення. Асабліва з дзіцём. Калі не падмыць асабліва яго. Таму дастаткова цяжка і халодна вельмі ў кватэры»

«Людзі як бы змяніліся трошкі. Прыйшлі да таго, як раней у вёсках было. Я вось нарадзіўся там і 15 гадоў там жыў. Таму, напэўна, усё гэта вяртаецца», – разважаюць жыхары і госці Менску.

«Мы можам грашыць на камунальныя службы колькі заўгодна, але больш ці менш яны са сваёй працай спраўляюцца. Але ўлетку ў нас быў калапс з вадою, усім вядомы, калі ў нас тут цыстэрны стаялі. Цяпер узімку ў нас адсутнічае ацяпленне. Гэта добра, што тэмпература плюсавая. А калі б было -20, вось што б мы рабілі? Што нам рабіць у такой сітуацыі? І паўторыцца гэта яшчэ раз ці не паўторыцца? Сказаць гэтага нам ніхто не можа», – кажа Алена Данко.

Як паведамляе тэлеграм-канал Менгарвыканкаму, падачу ацяплення аднавілі.

Надзея Бельская, «Белсат»