Пад Воршай адзначылі 505 гадоў славутай перамогі


505 гадоў славутай перамозе! Сёння на Крапівенскім полі пад Воршай, дзе адбылася адна з самых славутых бітваў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, некалькі дзясяткаў чалавек ушанавалі памяць нашых продкаў, якія змагаліся супраць навалы з Усходу.

«Інтэлектуальна свядомыя беларусы, аршанцы разумеюць, што гэта за свята. А асноўная маса людзей ведае гэтае свята як месца, дзе міліцыя ганяе тых, хто прыходзіць», – заявіў старшыня ТБМ у Воршы Юрый Нагорны.

Сёлета міліцыя на свята не завітала. Затое прыехалі цэлыя дэлегацыі з Магілёва і Віцебску ды госці з іншых беларускіх гарадоў.

«Кожны год – непрыемна – да гэтай даты ўлада хоча гэтае поле заараць, і нашую памяць разам з ім. Але ім гэта не ўдаецца. Людзей усё болей і болей, што нас радуе і цешыць», – кажа Юрый Нагорны.

Загадкі беларускай гісторыі
Аршанская бітва. Падвойная перамога
2017.09.08 10:00

Цешыць таксама, што сярод тых, хто завітаў на сёлетнія ўрачыстасці, былі і тыя, хто нёс на полі Аршанскай бітвы ганаровую варту ўсю ноч. Як аршанец Генадзь Шэпелеў, які робіць гэта ўжо чацвёрты год запар. Напярэдадні памятнай даты ён нават выкасіў Крапівенскае поле, каб тут можна было паставіць намёты.

«Жонка сабрала, пінка дала, пераправіла праз Дняпро. Прыехаў, гляджу – тут Юрка Копцік, людзі тусуюцца, намёты ставяць. Цікава, вельмі ўразіла», – расказаў Генадзь Шэпелеў.

8 верасня 1514 года войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага разбіла пад Воршай маскоўскае войска, якое ў шмат разоў перавышала сілы праціўніка. Доўгі час лічылася, што войска Масковіі налічвала 80 тысячаў чалавек, аднак цяпер гэты факт аспрэчваецца: колькасць удзельнікаў з абодвух бакоў была моцна перабольшаная, лічыць, да прыкладу, гісторык Алесь Казакоў. Аднак усё адно, значнасці бітвы пад Воршай у гісторыі нашай дзяржавы ніхто аспрэчваць не стане.

Фота
Як на месцы сечы згадвалі герояў Аршанскай бітвы
2016.09.09 09:44

«Даць, што называецца, па зубах такому суседу ў прынцыпе, калі-небудзь, было варта. І карысць ад гэтай перамогі была відавочнай: некалькі дзесяцігоддзяў сюды Расея не імкнулася з войскамі. На некалькі дзесяцігоддзяў краіна атрымала спакою», – адзначыў гісторык Ігар Казмярчак.

Слаўная перамога нашых продкаў пад Воршай стала нагодай для свята – Дня беларускай вайсковай славы, які штогод пачынаючы з 1992-га адзначаецца 8 верасня. Сёлета святочныя імпрэзы адбыліся і па-за межамі Беларусі: гэтак, ва ўкраінскім Львове актывісты руху салідарнасці «Разам» зладзілі адмысловую акцыю ўшанавання гістарычнай перамогі нашых продкаў.

Віталь Бабін, «Белсат»