Пад Туравам разараюць ахоўную зону


Цяжка паверыць, але яшчэ ўлетку тут быў поймавы луг і балаціна, а цяпер працуе тэхніка, каб падрыхтаваць поле пад сад. Гэтак распарадзіліся мясцовыя ўлады адносна ўрочышча ў межах Турава, аддаўшы яго прыватнай фермерскай гаспадарцы.

Чуткі пра тое, што луг на ўскрайку Турава адыходзіць у арэнду фермерскай гаспадарцы, пачалі хадзіць сярод мясцовых яшчэ ўвесну. У гэта ніхто не хацеў верыць. Не зважаючы на тое, што землі тут дастаткова ўрадлівыя, для вядзення сельскай гаспадаркі яны непрыдатныя, бо месцяцца ў пойме Прыпяці.

«Традыцыйна гэтая тэрыторыя выкарыстоўвалася для выпасу жывёлы, тут традыцыйна людзі збіралі аер для нейкіх рэлігійных святаў, тут традыцыйна таксама касілі траву», – прыгадвае мясцовая жыхарка ды эколаг Інэса Балоціна.

Да таго ж, луг атачае Барысаглебскія могілкі з двума вядомымі каменнымі крыжамі ды размешчаны ў межах ахоўнай зоны ландшафту гістарычна-культурнай каштоўнасці «Вакольны горад – пасад летапіснага Турава».

Згодна з праектам зоны аховы, на дадзенай тэрыторыі забароненыя працы для змянення ландшафту. Аднак улетку тут пачалі высякаць кустоўе і выкопваць канавы. Людзі забілі трывогу і звярнуліся па тлумачэнні да мясцовых уладаў.

«Першы адказ быў, скажам так, ні аб чым. Што проста рашэнне прынятае, бо гэтая зямля, як яны выказаліся, зарастае пустазеллем і павінна быць уведзеная ў сяльгасабарот. Але назваць пустазеллем землі гістарычна-культурнай каштоўнасці…», – абудаецца Інэса.

Гэтак, стала вядома, што Жыткавіцкі райвыканкам вылучыў гэтую тэрыторыю ў арэнду Марыі Грыб, фермерцы з Альшанаў, якая зарэгістравала мясцовую сялянскую гаспадарку «Сададзіва Марыі – 2» у Тураве толькі сёлета ў траўні. Яна запланавала гэтыя землі пад яблыневы сад і буякі. Якім чынам фермерцы вылучылі надзел у ахоўнай зоне, у Тураўскім гарвыканкаме не патлумачылі.

«Прыязджайце да мяне і мы з вамі пакамунікуем. Добра? Праз тэлефон я не буду размаўляць», – адказаў старшыня Тураўскага выканкаму Ігар Міцюрыч.

А Марыя Грыб сцвярджае, што ні пра якія зоны аховы ёй не казалі. Публікаваць размову з ёю жанчына забараніла. Мясцовыя жыхары пакуль вымушаныя назіраць за знікненнем лугу, дзе звыкла пасвілі хатнюю жывёлу. Эколагі занепакоеныя, што інтэнсіўная сельскагаспадарчая дзейнасць можа нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю.

«Нельга сказаць, што там была вялікая колькасць птушак, але нейкая колькасць пар гняздзіліся: кнігавак, траўнікаў. Папросту тут такая рэч, што яны паціху будуць абразаць вакол тураўскага лугу: так крыху, так крыху, затым там – зрэшты атрымаецца, што птушкам ужо і не будзе дзе жыць», – мяркуе арнітолаг з грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Павел Пінчук.

Цяпер мясцовыя жыхары ды эколагі чакаюць адказу раённай пракуратуры, якая па факце выдалення расліннасці ладзіць правяранне. Як стала вядома нашаму каналу, пытаннямі законнасці вылучэння надзелу зямлі ў межах ахоўнай зоны гістарычна-культурнай каштоўнасці зацікавіліся і ў Міністэрстве культуры.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»