Пад пагрозаю адзін з самых старажытных замкаў Беларусі


Ад аднаго з самых буйных замкавых комплексаў ува Усходняй Еўропе да нашых дзён захаваліся толькі руіны. Але і яны настолькі прыцягальныя, што зімою і летам палюбавацца імі ў Наваградак прыязджаюць аматары даўніны.

«Гэта адзін з самых старажытных замкаў у Беларусі. Для мяне асабіста ён вельмі блізкі і родны, я яго люблю вельмі. Страціць яго было б вельмі непрыемна», – кажа Надзея Сінкевіч, турыстка з Менску.

Каб не страціць унікальнага помніку архітэктуры, некалькі гадоў таму правялі рэстаўрацыю адной з уцалелых вежаў, але, паводле адмыслоўцаў, тады недасканала былі даследаваныя і ўмацаваныя грунты.

На нестабільнасць грунтоў уплывае культурны слой і крыніцы, што бʼюць паўсюдна на схіле.

«Чаму людзі напрыканцы 10-га стагоддзя выбралі гэтую мясціну? Па-першае, яна прыгожая Наваградская гара, І другая прычына – самая галоўная – гэта крыніца, якая не замярзае нават у самыя лютыя маразы», – раскрывае гістарычныя дэталі гісторык Аляксандр Краўцэвіч.

Воды падземныя распачалі, веснавыя ж залевы могуць завершыць разбуральную справу.

«У любы момант адна з вежаў можа абрынуцца, як Каложа ў свой час. Гэта адбываецца пасля любога моцнага дажджу. Яшчэ адзін моцны дождж – і паплыве», – папярэджвае археолаг і старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Першымі біць у званы пачалі наведнікі Наваградскага замку

Турысты зрабілі і распаўсюдзілі здымкі апоўзня, на праблему звярнулі ўвагу недзяржаўныя медыі. Непакояцца, вядома, і мясцовыя жыхары.

«Вось яно апаўзае, столькі год было, шкада, канешне. Хоць бы сродкі якія збіралі нават з нас жыхароў».

«Гэта гістарычнае месца, нашая радзіма. Я мяркую, што павінныя пэўныя захады прыняць».

– выказваюцца жыхары Наваградку.

Захады мусяць быць пільныя

Мясцовыя ж улады кажуць, што пагрозы для Касцельнай вежы няма.

«Інфармацыя пра тое, што гэта апоўзень, не адпавядае рэчаіснасці. На адным са схілаў адбыўся разрыў грунту. З таго часу сітуацыя не пагоршылася. Вядуцца планавыя працы», – паведамілі ў Наваградскім райвыканкаме.

Гарадзенскія чыноўнікі абяцаюць, што сёлета будзе ўмацаваны схіл

Фінансаванне на гэта вылучылі. Прызначылі і выканальніка – інстытут «Горадняграмадзянпраект». Тое самае прадпрыемства, што паводле наватарскай тэхналогіі ўмацоўвала гэтыя ж грунты 3 гады таму. Вынікі працы відавочныя.

Вольга Старасціна, «Белсат»