Пад амбасадаю ў Варшаве – чэргі


Такіх чэргаў, як у гэтыя дні, амбасада Беларусі ў Варшаве не бачыла ніколі. Сотні суайчыннікаў прыязджаюць з усёй Польшчы, каб зарэгістравацца на замежным выбарчым участку. Аднак трапіць у спіс выбарцаў удаецца далёка не ўсім.

Больш за дзвесце чалавек сабраліся сёння каля амбасады Беларусі ў Варшаве, каб зарэгістравацца ў спісе выбарнікаў. Людзей шмат, а амбасада працуе толькі дзве гадзіны на дзень. Ці ўсім удасца трапіць усярэдзіну?

«Я стаю тут з паловы на дзясятую – гэта дзве з паловай гадзіны. Пакуль прапусцілі толькі чалавек 20 за першую гадзіну. Чарга ідзе вельмі павольна», – кажа адзін з суайчыннікаў.

Каб паскорыць рэгістрацыю, людзі ў чарзе самаарганізаваліся. Металічныя рэчы, якія нельга праносіць у амбасаду, пакідалі пад наглядам суседзяў. Некаторыя збіралі подпісы, каб стаць назіральнікам. Дасведчаныя давалі парады:

«Не пытайцеся, што дзе і як! Гэта нічога не дасць. Не губляйце час! Як паказвае практыка, усё можна зрабіць за дзве хвіліны, або за пятнаццаць – калі ў вас пас ёсць або запальнічка ў кішэні!»

Чэргі на рэгістрацыю стаяць ужо больш за тыдзень. Некаторыя людзі прыходзяць трэці-чацвёрты раз.

«Ужо і пісалі, і прасілі, але ніякія захады не прымаюць. Як працавала адно акенца, так і працуе!» – кажа маладая жанчына.

«А колькі ўсяго акенцаў ёсць у амбасадзе?»

«Мне казалі што раней было чатыры. Як толькі стала больш людзей, то стала працаваць адно!»

«У нас у Беларусі ўсё робіцца так, каб зрабіць больш складаным працэс: каб людзі стаялі ў чарзе, каб ім было цяжка, каб яны не змаглі прагаласаваць, нешта не выйшла. Магчыма, і тут нехта прыняў такое рашэнне», – кажа студэнтка, для якой гэтыя выбары – першыя ў жыцці.

Тых, хто зарэгістраваўся на замежным участку, скрэсляць са спісу выбарнікаў удома. Іхных галасоў не выкарыстаюць для фальсіфікацыяў – перакананыя беларусы, якія сабраліся ў Варшаве.

Сотні людзей, якія прыехалі з розных гарадоў Польшчы, усё яшчэ чакаюць сваёй чаргі, каб зарэгістравацца пры амбасадзе. На гэта яны маюць усяго два дні. Згодна з інфармацыяй, якая апублікаваная на сайце пасольства, у дзень галасавання прапускная здольнасць участку будзе зменшаная дзеля таго, каб засцерагчыся ад каронавіруса.

Аляксандр Папко, «Белсат»