Пачынаецца датэрміновае галасаванне


Чыноўнікі спрабуюць кантраляваць волевыяўленне выбарнікаў, у тым ліку прыбіраючы фіранкі ў кабінках для галасавання. Пра гэта заявілі прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У сваю чаргу апазіцыйныя кандыдаты напярэдадні датэрміновага галасавання заклікаюць прыходзіць на ўчасткі толькі дзявятага жніўня, каб не дапамагаць фальсіфікацыі выбараў.

Цяпер бачна ўсё – кажа прома-ролік інтэрнэт-платформы ZUBR. Як абяцаюць яе стваральнікі, яна выведзе кантроль за выбарамі на «новы тэхналагічны ўзровень». Тут можна знайсці ўсе выбарчыя ўчасткі з імёнамі ўсіх чальцоў камісіяў і атрымліваць звесткі адтуль у рэальным часе.

«Мы ўзялі ў партнёры ўсе ініцыятывы, якія назіраюць за гэтым працэсам, і будзем у рэальным часе публікаваць на нашай мапе ўсе парушэнні. Гэта вельмі важна, паколькі людзі змогуць упершыню ўбачыць, як іхныя галасы крадуць», – лічыць кіраўнік праекту ZUBR Павел Марыніч.

Выбарчыя ўчасткі адкрыюцца ўжо заўтра – датэрміновае галасаванне. Працягнецца яно пяць дзён. Дзесяцігоддзямі гэтую працэдуру крытыкуюць беларускія праваабаронцы і АБСЕ. Паводле афіцыйных звестак, датэрмінова на прэзідэнцкіх выбарах галасуе каля траціны выбарнікаў. Гэта два з паловай мільёны чалавек.

Няўжо ўсе яны ў дзень выбараў выязджаюць і не могуць прагаласаваць у сябе? Не – кажуць праваабаронцы. Студэнтаў у інтэрнатах, салдатаў, бюджэтнікаў прымушаюць галасаваць датэрмінова. Часта яўку на датэрміновым галасаванні проста малююць. Навошта?

Пасля закрыцця ўчасткаў назіральнікі скрыню не кантралююць. За гэтыя пяць начэй мясцовае начальства можа падмяніць галасы. Галасаваць выключна ў асноўны дзень выбараў заклікае і галоўны апанент Лукашэнкі.

«Не прыходзьце датэрмінова на выбарчыя ўчасткі! Прыходзьце галасаваць толькі 9 жніўня 2020 года і галасуйце толькі за мяне» – звярнулася да прыхільнікаў у Брэсце Святлана Ціханоўская.

Ці прыслухаюцца да гэтага закліку грамадзяне?

«Ёсць дзень, калі трэба галасаваць, і ў гэты дзень мы павінныя прыйсці і выканаць свой грамадзянскі абавязак».

«Ёсць шмат прычынаў, з якіх людзі хочуць галасаваць датэрмінова».

«Вядома, прасцей фальсіфікаваць, укінуць бюлетэні!»

«Вясною кветка кожная ў свой час распускаецца. У свой час спее памідор ці агурок. Так і тут: вырашылі 9, значыць 9 павінна і быць».

«9 – значыць 9. А Ярмошыну ўжо час на пенсію выправіць», – кажуць менскія мінакі.

«Фатаграфаванне запоўненага бюлетэню законам не прадугледжана», – гэтак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адказала на ініцыятыву альтэрнатыўнага падліку галасоў. Фота бюлетэняў з пастаўленымі «птушачкамі» збіраецца лічыць платформа «Голас».

«Чалавек, калі лічыць патрэбным сказаць, ён скажа, не палічыць – не скажа. Заканадаўства не забараняе такога тыпу дзеянняў», – зняпраўдзіў кіраўніка Цэнтрвыбаркаму прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч.

Праграмы кандыдатаў на прэзідэнцтва будуць апублікаваныя таксама толькі заўтра – акурат, калі выбарнікі пачнуць аддаваць за іх свае галасы.

Аляксандр Папко, «Белсат»