Па-беларуску і з Пагоняй. Пётр Клюеў ідзе на еўрабачанне


АБЫДУЦЦА БЕЗ ФАЛЬСІФІКАЦЫІ?

Такога пачатку адбору на «Еўрабачанне» беларусы яшчэ не бачылі. Музыка Пётр Клюеў шэсць гадзінаў без перапынку граў у гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі». Абвяшчаючы такім чынам пра сваё жаданне прэзентаваць нашую краіну на еўрапейскім музычным конкурсе ў Кіеве. Але спачатку – хаця б трапіць у фінал беларускага адбору.

ПЁТР КЛЮЕЎ, МУЗЫКА, ЛІДАР ГУРТА «АМПЛІТУДА СМЕЛАСЦІ»:

«Каб выступіць на беларускім тэлебачанні і данесці шчырую беларускасць. Шчырае беларускае слова. А далей, як пашанцуе. Там ужо шанцы 50 % на 50 %».

Год таму Пётр Клюеў разам з гуртом «Амплітуда смеласці» ўжо ўдзельнічаў у нацыянальным адборы. Аднак тады, нягледзячы на вельмі добры, паводле адмыслоўцаў, выступ, гурт не прайшоў сіта журы.

ПЁТР КЛЮЕЎ:

«Мне падаецца, што з большага гэта ўсё вырашаецца экспромтам. Магчыма ў нейкіх сітуацыях і даходзіць да вышэйшых інстанцыяў і хтосьці кажа: вось яго варта паслаць. Але я думаю хутчэй… хто з кім чарку выпʼе, той і паедзе».

Выпадковыя гледачы сённяшняга выступу Пятра ў гандлёвым цэнтры ў адзін голас адзначаюць добры голас і тэксты музыкі, аднак па-рознаму ацэньваюць ягоныя шанцы трапіць на «Еўрабачанне» ў Кіеў.

НАВЕДНІКІ ГАНДЛЁВАГА ЦЭНТРУ, ГЛЕДАЧЫ ВЫСТУПУ:

«Мне было цалкам прыемна, калі б Беларусь прэзентаваў беларус, які б спяваў па-беларуску. Мне падаецца гэта цалкам лагічна»,

«А чаму не? Мне падаецца, што калі ў штосьці сапраўды верыш, калі маеш вялікае жаданне, тады ўсё можа здарыцца»,

«У нас так прынята, пачынаючы ад улады і скончываючы культурай, што высоўваюць толькі тых людзей, якія прыбліжаныя».

За 22 гады на сцэне «Еўрабачання» ад імя Беларусі сапраўды выступалі такія асобы, як Анжэліка Агурбаш, Паліна Смолава і Пётр Ялфімаў – частыя госці на праўладных імпрэзах.

Да гэтага дадаюцца і перыядычныя скандалы. Пачынальніцаю сталася Алёна Ланская, якую адразу абвесцілі пераможцаю нацыянальнага адбору ў 2012-м, аднак пасля хвалі абурэння ў інтэрнэце ды нават зваротаў да Лукашэнкі вынікі перагледзелі, і ў той год на «Еўрабачанне» паехаў гурт «Лайтсаўнд».

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Як мяне інфармуюць, ужо дарэчы дзве групы, якія разбіраюцца ў гэтым, вынікі фіналу конкурсу аказаліся фальсіфікаваныя».

Што праўда, Ланская паехала скараць Еўропу ў наступным годзе.

У 2014-м – падобная ж гісторыя: выканаўцы Макс Лорэнс і Дзідзюля напісалі адкрыты ліст кіраўніку Беларусі з просьбаю разабрацца ў несумленным, на іхную думку, працэсе падліку галасоў. Аднак гэтым разам Лукашэнка прамаўчаў. І на «Еўрабачанне» скандальна трапіў гурт «Тэа».

МАКСІМ ЖБАНКОЎ, КУЛЬТУРОЛАГ, КІНАКРЫТЫК:

«Гэта фактычна палітычны праект. Гэта перадусім агітацыйная акцыя. Таму тыя хто туды трапляюць, за сабой прыносяць пэўную рэпутацыю краіны. Шчыра кажучы, змагаюцца рэпутацыяй краіны».

Пётр Клюеў, які сёння распачаў свой падрыхтоўчы марафон да адбору на «Еўрабачанне», нядаўна ўжо адстойваў рэпутацыю краіны.

Ягоны выступ у складзе гурта «Амплітуда смеласці» на ўкраінскім конкурсе «Х-фактар» заля даслухвала стоячы, а журы не хавала свайго захаплення ды запрасіла да ўдзелу ў музычных спаборніцтвах.

Юрый Салодкі, «Белсат»