Нясплата як пратэст: як беларусы супрацьстаяць сістэме


Замест пошуку крымінальных злачынцаў пракуратура пачала збіраць спісы неплацельшчыкаў камунальных паслуг. Нясплата ў бюджэт, з якога грошы ідуць на заробкі міліцыі, – гэта яшчэ адна папулярная форма грамадзянскага пратэсту. Таксама штодня расце колькасць забастоўнікаў – сёння да стачкі далучыліся прынамсі сямёра рабочых. І амаль траціна працаўнікоў пакінулі дзяржаўны прафсаюз.

На рынгу Сяргей Скіба – трохразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу, ад сёння – у ліку ўдзельнікаў стачкі на прадпрыемстве «Нафтан», дзе займае пасаду аператара тэхналагічных установак УПВ-2 на вытворчасць нафтавага паліва і араматыкі. Стаж працы на прадпрыемстве – 17 гадоў.

Далучыўся і Андрэй Шкірэнка:

«4 снежня 2020 года змена з 8 да 16 далучаюся да агульнанацыянальнай стачкі і не выходжу на працу».

А таксама юрысконсульт «Нафтану» Аляксандр Капшуль:

«Кіраўніцтва »Нафтану« цісне на супрацоўнікаў за іхную грамадзянскую пазіцыю і прафсаюзную прыналежнасць усімі спосабамі, пры гэтым намагаючыся схаваць свае дыскрымінацыйныя дзеянні пад выглядам законнасці».

Прыхільнікі пераменаў выйдуць на працу, калі прадпрыемства ачоляць незалежныя ад загадаў Лукашэнкі кіраўнікі, сам Лукашэнка пакіне пасаду, а з-за кратаў выйдуць палітвязні.

«Прэзідэнты прыходзяць і сыходзяць. Дырэктароў прывозяць і ўвозяць, а нам з вамі жыць і працаваць», – кажа яшчэ адзін нафтанавец, які ў стачцы – ад раніцы 5-га снежня.

Прычыны ва ўсіх агульныя. Працаўніца прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно» Людміла Каляда ў відэазвароце акцэнтавала:

«Больш не магу глядзець на гвалт у дачыненні мірных грамадзянаў».

Дзяржава працягвае рабіць сваё, але губляе з кожным днём усё больш. У Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў за месяц на 20 % узрасла колькасць сябраў. У Дзяржаўным прафсаюзе – на 30 % – зменшылася.

Працаўнікі таго ж «Нафтану» далучаюцца, адчуваюць сябе больш абароненымі і вераць, што неўзабаве стачка пашырыцца да спынення вытворчасці. Эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч цвердзіць:

«Спыненне нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў – гэта тое, што нанясе акурат эканамічную шкоду ўладам, краіне, рэжыму, таму спынення гэтых прадпрыемстваў улады будуць асцерагацца».

Стратным прадпрыемствам спыненне вытворчасці праз страйк нават дапамагло разгрузіць склады… але дзяржава не дазволіць стаяць і падбухторваць іншых.

Старой сістэме беларусы супрацьстаяць, як могуць: не плоцяць за камунальныя паслугі, за карыстанне дарогамі ці забіраюць зберажэнні з дэпазітаў.

Дзяржава ж усё больш грошай выдаткоўвае на задушэнне пратэстаў, дадае Станіслаў Івашкевіч:

«З сумнеўнай легітымнасцю вельмі цяжка атрымліваць крэдыты, а тыя што ёсць – пад вельмі высокі адсотак. Усё гэта таксама вельмі ўплывае на эканоміку, але сама асноўная праблема беларускай эканомікі – сістэмныя праблемы, неэфектыўнасць дзяржаўнага кіравання, беззаконне – у эканоміцы ў тым ліку».

Скончыцца беззаконне яшчэ не заўтра, таму дзейнічаць па сітуацыі – задача кожнага прыхільніка перамен.

Да прыкладу – двое з чатырох працаўнікоў Беларускага металургічнага заводу, супраць якіх завялі «крыміналкі» – мусілі прызнаць віну ў нанясенні шкоды прадпрыемству. Адзін – Павел Магідаў – больш бяспечна пачуваецца ў Расею, грамадзянінам якой з’яўляецца.

«Я не думаю, што Расея пойдзе на такія відавочныя парушэнні міжнародных законаў і сваёй уласнай Канстытуцыі. Бо згодна з дума артыкуламі Канстытуцыі РФ у мяне палітычны артыкул, а ў Расеі няма такога артыкулу».

У Беларусі ў Паўла засталася сям’я і любімая праца – вярнуцца да якіх марыць як мага хутчэй.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!