«Няма вольных пакояў». Да Станіслава Шашка 5 дзён не пускаюць адваката


Канстытуцыйнае права парушана. Ужо 5 дзён былы кандыдат у дэпутаты Станіслаў Шашок не можа пабачыцца з адвакатам. Пра ўмовы, у якіх утрымліваецца актывіст, нічога невядома. Ягоныя сябры і праваабаронцы сабраліся пад менскім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў, каб паспрабаваць даведацца, што з ім адбываецца.

Станіслаў Шашок за кратамі з 26 снежня. Праваабаронцы ды сябры актывіста занепакоеныя ягоным становішчам. Адваката да Шашка не пускаюць ужо 5 дзень запар. Афіцыйная прычына – няма вольных пакояў для сустрэчы.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Мне што, трэба тут цэлы дзень сядзець пад дзвярыма, тэлефанаваць і пытацца, ці ёсць магчымасць сустрэцца? А мне кажуць: «Няма. Усё занятае і занятае», – кажа адвакат Аляксандр Пугачоў.

Паводле праваабаронцы Вікторыі Фёдаравай, сітуацыя, калі кабінеты для сустрэчы з адвакатам занятыя ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе людзей утрымліваюць выключна паводле адміністратыўных справаў, – мякка кажучы, дзіўная.

«Гэта не людзі, якія затрыманыя па крымінальных справах. Калі б гаворках ішла аб Ізалятары часовага ўтрымання, які тут побач, у суседнім будынку, то такая сітуацыя б мела месца быць. Але не ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Хутчэй за ўсё мы бачым свядомы нядопуск адваката да Станіслава Шашка», – сцвярджае яна.

Паплечнікі экс-кандыдата на дэпутацтва абураныя. Ягоны сябар Пётр Маркелаў, які нядаўна выйшаў з содняў, мяркуе, што нядопуск адвакатаў пераўтвараецца ў сістэму:

«Гэта ненармальна і стварае такія ўмовы, калі супрацоўнікі гэтых установаў могуць рабіць тое, што яны захочуць з асуджанымі. І мы не здолеем аніяк даведацца пра іх стан».

Вікторыя Фёдарава ўжо скіравала скаргі ў пракуратуру і органы ААН, а таксама плануе дамагчыся сустрэчы з міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым.

«Сёння я паспрабавала запісацца, патэлефанавала ў прыёмную, аднак службовая асоба ў прыёмнай адмовілася запісваць мяне», – распавядае праваабаронца.

Станіслава Шашка, аднаго з кандыдатаў ад «Моладзевага блоку» падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў, арыштавалі 26 снежня ў пад’ездзе ўласнага дому. На наступны дзень, 27 снежня, Таццяна Мотыль прысудзіла актывісту 15 содняў адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі 20 снежня супраць інтэграцыі з Расеяй. Актывіст мае выйсці на волю 10 студзеня.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu