Няма тэмпературы - няма праблемы?


Тэмпература? – У чаргу. Некалькі гадзінаў у паліклініках Пінску праводзяць людзі з высокай тэмпературай. Пры гэтым электронныя градуснікі ў медыкаў праблемы не паказваюць, адзначае журналіст Андрэй Якімуш, які сам захварэў на Covid-19:

«Іхныя градуснікі электронныя паказваюць тэмпературу 36,7 максімум. А ў мяне на той момант было каля 38 тэмпература. Памералі нармальным градуснікам тэмпературу – аказалася каля 38 градусаў, мне прапісалі дадатковы курс антыбіётыкаў, накіраванне на флюараграфію».

Аказалася, што ў Андрэя – двухбаковая пнеўманія. Толькі пасля гэтага хвораму прызначылі мазок на каронавірус. Выніку гэтага аналізу журналіст чакае ўжо пяць дзён.У падобную сітуацыю трапіў і муж пінчанкі Вольгі:

«У яго ўдома была тэмпература 38,5, яму памералі ды сказалі, што ў яго няма тэмпературы. Ён пайшоў і зрабіў два тэсты ў «SYNEVO». Сказалі што два тэсты станоўчыя і ў яго ёсць каронавірус. Медыкі нічога не казалі, нічога не давалі, паглядзелі на тэст і сказалі, што тэст можа памыляцца».

Сама Вольга таксама правяла некалькі гадзінаў з падвышанай тэмпературай у чарзе да лекара:

«Я прыйшла ў 8:30 у мяне была тэмпература, у чарзе было чалавек пяцьдзясят, калі не больш. Я запыталася, чаму няма больш лекараў, мне адказалі, што яны або пахварэлі або пазвальняліся, бо не хочуць захварэць на каронавірус».

Рэкордную колькасць хворых на Ковід-19 паказвае сёння афіцыйная статыстыка. Міністэрства здароўя прызнала 1382 новыя выпадкі інфікавання цягам содняў. Таксама прызналі сем новых смерцяў, звязаных з інфекцыяй.

Рэкорды ў колькасці новых хворых паказалі і суседнія Украіна ды Расея. У Расеі пачаліся паслярэгістрацыйныя даследаванні другой вакцыны ад каронавіруса, распрацаванай у навуковым цэнтры вірусалогіі і біятэхналогіі «Вектор» у Новасібірскай вобласці.

«Даследаванне будзе праходзіць на добраахвотніках – 60 плюс, то бок усе добраахвотнікі, каму ёсць 60 гадоў і больш, возьмуць удзел у гэтых даследаваннях», – тлумачыць Уладзімір Кузубаў, галоўны доктар больніцы № 163 у расейскім Кальцове, дзе праводзяцца даследаванні.

Найбольш імкліва сітуацыя з каронавірусам, паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, развіваецца ў Еўропе. Цягам мінулага тыдня на гэты кантынент прыпала амаль палова ўсіх новых выпадкаў інфікавання каронавірусам і амаль палова смерцяў ад Ковід-19.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»