«Ну проста няма словаў». Які пакой даюць маладому спецыялісту ў Магілёве


Прусакі ў шафе, і гэта не самае страшнае. Вырваныя выключальнікі, абадраныя сцены і падлога. Гэтак выглядае пакой у магілёўскім інтэрнаце на вуліцы Касманаўтаў 25а.

«Часам на звалках можна і больш прыстойнае знайсці, чым ложак і шафа, якія ўбудаванаю мэбляй лічацца па стандартах інтэрнату. Фактычна лінолеум адсутнічае – бетонная падлога голая. Разбітая шафа часоў рэвалюцыі, шпалеры. Санстанцыя, напэўна, ніколі ў жыцці не была», – кажа Таццяна Крупская.

Адметна, што такі пакой вылучылі маладой спецыялістцы. Казаць на камеру яна адмовілася. Пра жахлівы стан інтэрнату нам распавяла спадарыня Таццяна, якая апякуецца дзяўчынай і дапамагала ёй ацэньваць жытло.

«Прывялі мяне проста ў крайне дэпрэсіўны стан. Як тут можна жыць дзяўчыне, якая працуе выхавальніцаю дзіцячага садка і ўвасабляе нашую будучую моладзь, нашае новае пакаленне… Ну проста няма словаў», – абураецца Таццяна Крупская.

У жахлівым стане і месцы агульнага карыстання: на адзіную пліту на гэтак званай кухні ёсць нараканні. У прыбіральні гарачая вада паводле раскладу… Падапечная Таццяны збіраецца адмовіцца ад такой прапановы, а вось Святлана ў свой час пагадзілася:

«На чарзе стаялі ўжо 8 гадоў, выбару не было, таму пагадзіліся. 80 рублёў, кожны месяц па-рознаму выходзіць, калі 80, калі, бывае, 90 выходзіць».

Столькі сям’я Святланы плоціць за жытло ў інтэрнаце. Пакой рамантавалі за свае сродкі, але пазбавіцца вільгаці так і не ўдалося.

«Вось прасіла ЖЭУ зрабіць, яны казалі, то грошай няма, то вышкі няма. Дагэтуль вось такая вільгаць – дзіця хварэе штомесяц ад гэтай вільгаці, ужо не ведаем, што рабіць», – кажа жыхарка інтэрнату Святлана.

Калі ў інтэрнаце збіраюцца рабіць рамонт, мы запыталі намесніка дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду ЖРЭУ Ленінскага раёну Магілёва Андрэя Пуцыка:

«Будзем там працаваць. Мы вызначылі толькі хол рабіць і дзявяты паверх, месцы агульнага карыстання, кухню аднаўляць. Тое, на што ў нас грошай хапае. Прыступім, напэўна, праз тыдзень».

Не першы год абараняе правы жыхароў магілёўскіх інтэрнатаў грамадскі актывіст Алег Аксёнаў:

«Гарвыканкам, аблвыканкам, калі мы хадзілі на сустрэчу, пацвердзіў, што вось тыя сродкі, якія вы будзеце плаціць, пойдуць на гэтыя рамонты. Нідзе на сёння ніякія сродкі не выкарыстаныя. Людзям як прапанавалі рабіць рамонты за свой кошт, так і прапануюць».

Алег Аксёнаў раіць жыхарам інтэрнатаў больш актыўна звяртацца са сваймі праблемамі да адказных органаў:

«Не вырашае кіраўнік інтэрнату – звяртайцеся ў ЖЭУ, да якога належыць гэты інтэрнат, не вырашае ЖЭУ – звяртайцеся ў гарвыканкам, звяртайцеся да нас, мы дапаможам».

Можна ствараць пры інтэрнаце органы самакіравання – гэтак званую раду інтэрнату – і праз яе развязваць праблемныя пытанні. І прытрымлівацца прынцыпу: калі людзі агучваюць свае праблемы, то яны хутчэй вырашаюцца.

Вольга Васільева, «Белсат»