Новыя Санжары на Палтаўшчыне: пратэст супраць каронавіруса


Жыхары мястэчка Новыя Санжары ў Палтаўскай вобласці Украіны заблакавалі дарогу, якая вядзе да мясцовага медычнага цэнтру Нацыянальнай гвардыі. Такім чынам яны пратэстуюць супраць таго, што менавіта тут прынамсі два тыдні будуць заставацца на каранціне эвакуяваныя з Кітаю.

«Крытычнасць у тым, што санаторый рэальна месціцца ў цэнтры населенага пункту, ён не абгароджаны і не прыстасаваны».

«Мы не супраць гэтых хворых людзей. Іх трэба пасяляць. Але не ў цэнтры, вы зразумейце, тут столькі народу. Навошта так рабіць?» – тлумачаць сваю пазіцыю жыхары Новых Санжараў.

Для захавання парадку ў мястэчка сцягнулі больш за сотню паліцыянтаў. Жыхары баяцца, што эвакуяваныя з кітайскага Ўу-Ханю прывязуць у мястэчка каронавірус, хоць улады сцвярджаюць, што небяспекі няма.

«Мы эвакуюем толькі здаровых грамадзянаў. І сёння паводле звестак Міністэрства замежных справаў, нікому з нашых грамадзянаў не патрэбная медычная дапамога. Ні ў кога з іх не было пагаршэння здароўя апошнім часам», – кажа міністр аховы здароўя Украіны Зарана Скалецкая.

Сярод тых, хто будзе заставацца на каранціне ў Новых Санжарах, 45 украінцаў і 27 грамадзянаў краінаў, што звярнуліся да Украіны па дапамогу ў эвакуацыі, ёсць сярод іх і нашыя суграмадзяне. Іх прывезлі адмысловым рэйсам украінскай авіякампаніі «SkyUp» з цэнтру распаўсюду каронавіруса.

Яшчэ 15 беларусаў эвакуявалі з Кітаю з дапамогай Казахстану і Расеі. У нашай краіне санітарна-каранцінны кантроль на каронавірус прайшлі ўжо чатырыста шэсцьдзесят тысячаў чалавек, больш за тысячу з іх – тыя, хто цягам папярэдніх двух тыдняў былі ў Кітаі. Паводле Міністэрства аховы здароўя, каронавіруса ў Беларусі не выяўлена.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»