Новыя падрабязнасці справы Аляксандрава


Журналіста Андрэя Аляксандрава пакінуць за кратамі на два месяцы. Пра гэта сёння паведаміла ягоная адвакатка. Падрабязнасці справы – у матэрыяле Алеся Баразенкі.

Затрыманага трынаццатага студзеня ў Менску журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава падазраюць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Па версіі следства, Аляксандраў разам са сваёй дзяўчынаю Ірынаю Злобінай фінансаваў беларускія пратэсты.

«Шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі аплаты ўтрымання ў ІЧУ і ЦІП і гэтак далей. Пры гэтым усе выкарыстаныя на гэтыя мэты сродкі яны атрымоўвалі з-за мяжы». – заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч.

На распаўсюджаным сёння прэс-службаю Міністэрства ўнутраных справаў запісы чалавек з голасам, падобным да голасу Аляксандрава, кажа, што адгукнуўся на просьбу заснавальніка фонду «By_Help» Аляксея Лявончыка дапамагчы з выплатамі.

Такім чынам «фінансаваннем пратэстаў» беларускія следчыя палічылі супрацу Аляксандрава з фондам «By_Help» дзеля дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў беларусам.

«Тое, што людзям збіраюць грошы пасля таго, як іх аштрафавалі, тым больш аштрафавалі незаконна, то трэба мець хворую фантазію, каб прыдумаць вось такое абгрунтаванне». – кажа прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту Алег Гулак.

Да таго ж напярэдадні супрацоўнікі Аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі правялі ператрус у кватэры Андрэя Аляксандрава ды ў офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, з якім доўгі час супрацоўнічаў журналіст, сканфіскаваўшы ўсю тэхніку ды фактычна паралізаваўшы працу медыярэсурсу.

Такім чынам, справа супраць Андрэя Аляксандрава можа стаць чарговым ударам уладаў як па працы фондаў салідарнасці, так і па незалежных беларускіх медыях.

Алесь Баразенка, «Белсат»