Новыя факты «BYPOL» у справе Бандарэнкі


Больш за два месяцы Генпракуратура ў найстражэйшым сакрэце праводзіць праверку па факце гібелі Рамана Бандарэнкі. Безвынікова. Ініцыятыва «BYPOL» апублікавала факты, доказы ды вынікі свайго правярання. А таксама імёны тых, хто справакаваў канфлікт, хто збіваў Рамана і хто хавае інфармацыю пра злачынства.

Акрамя раней апазнаных у здзяйсненні злачынства Баскава і Шакуты тут фігуруе прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант ды ейная залоўка – работніца Белтэлерадыёкампаніі Ганна Эйсмант. Гулец прэзідэнцкай хакейнай каманды Павел Волчак з жонкаю Жанетаю. А таксама цэлы шэраг сілавікоў. У апублікаваных тэлефонных размовах гучыць зняпраўджанне версіі пра тое, што Раман быў у стане алкагольнага ап’янення.

Урывак з апублікаванага «BYPOL» аўдыязапісу тэлефоннай размовы дзяжурнага РАЎС Цэнтральнага раёну Менску і дыспетчара службы дапамогі:

– Гэта ён?

– Так-так, гэта ён там крэхча.

– Але крэхча, не губляе прытомнасць.

– Губляе, губляе прытомнасць.

– Не ў алкагольным?

– Не, алкаголем не пахне ўвогуле.

– Ваш выклік зарэгістраваны. Як толькі вызваліцца брыгада, ваш візіт будзе перададзены. Чакайце.

А напачатку першай гадзіны ночы пацярпелы трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Там зрабілі экстраную аперацыю на галаўным мозґу, якая станоўчых вынікаў не дала. У расследаванні «BYPOL» фігуруе аўдыязапіс меркаванае размовы нейрахірургаў, што намагаліся выратаваць Бандарэнку, з ягонымі сваякамі.

«Калі яго прывезлі сюды, ягоны стан ацэньваўся практычна такім чынам, што ён ужо быў амаль за рысаю, за якой аддзяляюць жывых ад нежывых»

Трыццаціаднагадовы Раман Бандарэнка памёр у больніцы, не прыходзячы ў прытомнасць, у другой палове дня 12-га лістапада. Ініцыятыва «BYPOL» заклікае распачаць крымінальную справу па факце забойства. Вынікі ж афіцыйнае пракурорскай праверкі не вядомыя нават сваякам Бандарэнкі.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»