Аб'ектыў 08.07.2019 Новыя антыгрузінскія санкцыі Крамля: фон для вайсковых дзеянняў


Нацыянальны авіяперавозчык «Белавіа» не плануе мяняць расклад рэйсаў з Менску ў Тбілісі ў сувязі з забаронай палётаў з Расеі ў Грузію. Указ Уладзіміра Пуціна спыніць авіязлучанне пачаў дзейнічаць ад сёння.

Масква пагражае Тбілісі новымі санкцыямі за пратэсты грузінскіх грамадзянаў супраць умяшання Крамля ў грузінскую палітыку. Дэпутаты Дзярждумы плануюць забараніць пастаўкі мінеральнай вады і віна з Грузіі. Былы санітарны доктар Расеі Генадзій Анішчанка ў Люксембурзе патлумачыў, што гэта абваліць грузінскую эканоміку як помста за супрацу з Вашынгтонам за нібыта распрацоўванне біялагічнай зброі ў Грузіі.

«Наяўнасць на тэрыторыі Грузіі вайскова-біялагічнай базы, якая стварае вялікую небяспеку. Такая ж праца вядзецца ва Украіне ды іншых постсавецкіх рэспубліках», – вяшчаў Анішчанка ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Расея ўжо забараняла грузінскае віно і ваду пасля вайны 2008 года, калі ўвяла войскі ў Грузію пад нагодай абароны сваіх грамадзянаў у Паўднёвай Асеціі.

«Любая забарона з боку РФ памагае Грузіі і грузінскай эканоміцы перафарматавацца. Мы вельмі рэзка выйшлі на кітайскі ды еўрапейскі рынак, мы развіваемся», – тлумачыць Сандро Тапурыя, моладзевы амбасадар Грузіі ва Украіне.

Ад сёння, паводле ўказу Уладзіміра Пуціна, расейскія авіякампаніі часова спыняюць рэйсы ў Грузію.

«Гэта поўны гамон для сегменту, які працаваў з расейскім рынкам. Нам сарвалі туры, спланаваныя да верасня ці кастрычніка. Адсоткаў 80 расейскамоўных гідаў ці расейскамоўных кампаніяў не маюць працы», – скардзіцца Русудан Джапарыдзэ, гід-экскурсавод, агенцтва «Салодкая Грузія».

Афіцыйна забарону ўвялі для бяспекі расейцаў пасля сутычак у Тбілісі. 20 чэрвеня паліцыя жорстка разагнала масавы мітынг грамадзянаў, выкліканы непаважлівымі паводзінамі расейскага дэпутата-камуніста Сяргея Гаўрылава.

Але турысты з Расеі кажуць, што не адчулі ні кроплі русафобіі, пра якую кажуць у Думе і Крамлі:

«Хто пабываў у Грузіі, той любымі шляхамі сюды вернецца».

«Якімі заўгодна шляхамі: праз Ерэван і Турцыю, але можна прыехаць».

«Мы будзем выбіраць тыя ж маршруты. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Беларусь».

Крэмль выкарыстоўвае ўнутрыгрузінскую палітычную сітуацыю, каб стварыць Грузіі праблемы ў сваіх мэтах, мяркуе Сандро Тапурыя. Сапраўдная праблема грузінска-расейскіх стасункаў – расейскія войскі ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і паўзучая акупацыя, начны перанос памежных слупоў пад прыкрыццём расейскай зброі.

«Акупацыя ў нас працягваецца штодня. Штодня мы губляем квадратныя метры, і, на жаль, гэта працягваецца ад 2008 года», – кажа Сандро Тапурыя.

А забароны, пагрозы і заявы Масквы – толькі фон да дзеянняў войскаў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары