Новы тэхрэгламент ТС забароніць рамантаваць аўтамабілі ўжыванымі запчасткамі


Чарговая забарона з інтэграцыйнай прасторы. Папраўкі ў тэхрэгламент Мытнага саюзу пазбавяць аўтаўладальнікаў магчымасці адрамантаваць машыну ўжыванымі запчасткамі. Якія дэталі трапілі ў спіс забароненых? І што змены прынясуць беларусам?

Удар па аўтаўладальніках і сэрвісах. Новы тэхнічны рэгламент Мытнага саюзу забароніць рамантаваць аўтамабілі ўжыванымі ды адноўленымі запчасткамі. Што пра гэткія змены думаюць аўтамабілісты?

«У мяне новы аўтамабіль, таму я абслугоўваюся на сэрвісным цэнтры. А маё стаўленне да забароны ўжываных запчастак негатыўнае. Таму што ў нас народ не настолькі багаты, каб купляць новыя, абсалютна новыя запчасткі. На папярэдніх аўтамабілях неаднаразова выкарыстоўваў ужываныя запчасткі».

«Як аўтамеханік і матарыст магу сказаць: ужываныя – гэта не запчасткі, гэта рэсурс скончаны. Я не радзіў бы».

«Ужыванымі запчасткамі я не карыстаюся. Але не трэба пазбаўляць людзей права выбару».

«Машына старая, ламаецца. Нядаўна ўсталёўвалі рулявую рэйку. Ужываную куплялі, паколькі не было сродкаў. Тое, што збіраюцца забараніць, – адмоўна стаўлюся. Бо не заўсёды ёсць грошы купіць», – кажуць аўтамабілісты з Пінску.

Пад забарону трапяць карыстаныя раней:

  • сядзенні, абсталяваныя рамянямі або падушкамі бяспекі,
  • элементы стырнавога кіравання,
  • тармазныя сістэмы,
  • каталізатары,
  • імабілайзеры,
  • глушыльнікі,
  • падушкі і рамяні бяспекі.

Новаўвядзенні пераследуюць інтарэсы расейскіх буйных вытворцаў – упэўнены аўтаэксперт Фёдар Сухаў.

«У нас стары парк аўтамабіляў і вельмі разнастайны, нават разнастайнейшы, чым у Расеі. На гэтыя аўтамабілі расейскія вытворцы не выпускаюць запчастак. Калі ўвесці гэтыя папраўкі, то нашыя аўтамабілі – а беларусы небагаты народ, каб купляць новыя аўтамабілі, – застануцца без запчастак», – тлумачыць Сухаў.

Пад забаронай і самастойны мантаж дадатковага абсталявання: антэну, багажнік на дах або фаркоп усталяваць можна будзе толькі пасля дазволу адпаведнай лабараторыі.

«Нашыя чыноўнікі могуць сказаць, што мы не ведаем, дзе. Але вось ёсць закон, яго трэба выконваць. А як яго выконваць – мы не ведаем. Але калі вы нешта парушыце, то санкцыі да вас мусім ужыць», – мяркуе аўтаэксперт Павел Юхневіч.

Паводле экспертаў, папраўкі тэхнічнага рэгламенту адабʼюцца на гаманцах аўтаўладальнікаў, на прыватных сэрвісных цэнтрах. І не толькі.

«Калі гэта будзе прынята, калі гэта будзе рэалізавана і за гэта будуць нейкія санкцыі за парушэнне гэтых правілаў, то збольшага аўтасэрвісы і часткова аўтамабільны бізнес у продажы карыстаных запчастак проста сыдзе ў падполле. Гэта будуць страты ў падатках для дзяржавы. Нічога добрага ў гэтым не бачу», – кажа Юхневіч.

Падобная практыка ёсць таксама ў іншых краінах, аднак забарона ўсталёўваць карыстаныя дэталі тычыцца толькі новых аўтамабіляў – без уладальніка і прабегу. Што да Мытнага саюзу, то, паводле меркавання экспертаў, новаўвядзенні паўсталі праз неабходнасць упарадкаваць гэтую сферу ў Расеі. У Беларусі ж рынак ужываных запчастак цывілізаваны.

Анастасія Русецкая, «Белсат»