Новы спектакль паставілі ў Гомельскай жаночай папраўчай калоніі


«Пра маю маму і пра мяне». Новы спектакль пра тонкасці ўзаемадачыненняў маці і дачкі паставілі ў Гомельскай жаночай папраўчай калоніі. Тэатр там існуе ўжо больш за дзесяцігоддзе. Пра тое, як пластычнае мастацтва дапамагае жанчынам адаптавацца ў месцах пазбаўлення волі ды пераасэнсаваць жыццё нават знялі дакументальны фільм.

Жаночая калонія і тэатр. Незвычайнае спалучэнне раскрывае дакументальная стужка «Дэбют» рэжысёркі Настассі Мірашнічэнкі, дзе шмат увагі надаецца таксама і ўмовам утрымання асуджаных беларусак. Прагляд фільму зладзілі ў Гомлі. Журналіст і арганізатар кінапрагляду Яўген Меркес распавядае:

«Гэты фільм мы абралі таму, што ён, па-першае, быў створаны беларускаю рэжысёркаю, па-другое, ён датычыць канкрэтна Гомля, і таму ён блізкі нам, можа, бліжэйшы, чым шмат які іншы. І канечне таму што ён закранае вельмі актуальныя цяпер для беларускага грамадства тэмы, пытанні, звязаныя з нашаю пенітэнцыярнаю сістэмай».

У жаночай калоніі, размешчанай у цэнтры Гомля, адбываюць пакаранне паўтары тысячы жанчын. У тым, каб не страціць сябе ў цяжкіх умовах жыцця, дапамагаюць толькі рэпетыцыі спектаклю.

«Пры мне гэта ўсё пачыналася. А далей вось як гэта ўсё, чым гэта ўсё скончылася… Вось цікава мне паглядзець гэты фільм. Успомніць і паглядзець знаёмыя твары дзяўчат. Як яны граюць», – кажа былая асуджаная Ала Раманчык.

Гамяльчанка Ала Раманчык трапіла за краты ў 48 гадоў. Жанчына працавала страхавою агенткай і трапіла пад правяранне, ініцыяванае пракуратураю. За 50 тысячаў недэнамінаваных рублёў аформіла страхаванне прамінулым днём. Грошай не прыняла, але сцвярджае, што калега адмыслова пакінуў іх у торбе. Была арыштаваная ды атрымала 6 гадоў за хабарніцтва. Адсядзела ўдвая менш – выйшла датэрмінова.

«Ну, калі я сядзела, у гэты час зона была вельмі інтэлігентная. Сядзелі. Прадпрымальнікі, бухгалтары, лекары…» – гаворыць Ала Раманчык.

Фільм «Дэбют» здымалі цягам 2015-га–16-га гадоў, прэм’ера ж адбылася на Фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме, які эксперты называюць дакументальнымі Канамі.

Аляксей Дрык, Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фота: Надзея Бужан / Tut.by