Новы кіраўнік БелАЭС некампетэнтны?


З Валгадонску ў Беларусь едзе не толькі новы корпус рэактару для АЭС, але і новы кіраўнік усёй будоўлі. Замест Юрыя Пуставога, які ўзначальваў яе чатыры гады, прызначаны віцэ-прэзідэнт кампаніі «НІАЭП», якая ўваходзіць у «Росатом», Віталь Медзякоў.

ВАЛЕРЫЙ ЛІМАРЭНКА, КІРАЎНІК ГРУПЫ КАМПАНІЯЎ «ASE» («РОСАТОМ»):

«Беларуская пляцоўка – узорная з гледзішча арганізацыі будаўніцтва. Тут паспяхова ды эфектыўна прымяняюцца самыя сучасныя інструменты і тэхналогіі кіравання праектамі. І ў гэтым вялікая асабістая заслуга Юрыя Пуставога».

Але ці ўзорнай запомнілі беларусы будоўлю пры Пуставым? Толькі з пачатку года некалькі інцыдэнтаў: самы гучны здарыўся 10-га ліпеня, калі корпус рэактара абваліўся з вышыні некалькіх метраў. І прынамсі тры смяротныя ахвяры, прызнаныя ўладамі. Актывісты ж кажуць пра смерць 10-ці чалавек.

ДЗМІТРЫЙ КУЧУК, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ПАРТЫІ «ЗЯЛЁНЫЯ»:

«Вядома, гэта ўплывае на нейкія іміджавыя праекты. Гэта таксама ўплывае на тое, што кіраўніцтва мае мяняцца. Бо дапусціць такія памылкі, гэта вялікае парушэнне, бо вязуць другі рэактар, калі яго ўпусцяць, то хто за гэта будзе несці адказнасць? Таму… У першую чаргу нясе адказнасць кіраўнік».

Афіцыйна Пуставы сыходзіць паводле стану здароўя. Але скандальны шлейф за будоўляй нікуды не сыходзіць. Ці паправіць сітуацыю новы кіраўнік? Віталь Медзякоў раней узначальваў будоўлю на Растоўскай АЭС. На гэтым здымку, дзе ён у цэнтры, каманду ўзнагароджваюць за паспяховы старт трэцяга энергаблоку. Толькі вось і на гэтай будоўлі не абышлося без аварыяў. Гэта – наступствы пажару 2012 года.

ДЗМІТРЫЙ КУЧУК:

«Там ішло яшчэ дадатковае будаўніцтва і яно зацягвалася, і там таксама былі сурʼёзныя парушэнні пры будаўніцтве гэтай Растоўскай атамнай станцыі. Таму чалавек не выклікае нейкага даверу».

Парушэнні і інцыдэнты рознай значнасці на будоўлях «Росатаму» кантрольныя органы фіксуюць рэгулярна. Насцярожана да расейскага атаму ставяцца і ў Еўропе.

ГЕОРГІЙ ЛЕПІН, ФІЗІК-ЯДРАВІК:

«Рэактары, вырабленыя ў Расе ніжэйшыя якасцю, чым вырабленыя ў Францыі, Нямеччыне. Вось нават гэты факт. Вось чаму Еўразвяз прымусіў зачыніць Ігналінскую? Менавіта праз гэта! Яны ў сябе, у сваёй супольнасці, адмовіліся ад расейскіх рэактараў».

Прычыны, кажа спадар Лепін, не толькі ў якасці, але і ў безадказнасці падчас абслугоўвання станцыі.

ГЕОРГІЙ ЛЕПІН:

«Узяць у Чарнобылі. Кажуць, дрэнны рэактар. Магчыма, дрэнны. Але калі рэактар дрэнны і ненадзейны, то з ім трэба яшчэ больш акуратна. А там працавалі так тапорна, што яны яго ўзарвалі».

Паралелі з Чарнобылем праводзяць і беларускія «зялёныя». Як і 30 гадоў таму, эколагі ды актывісты голасна гавораць пра парушэнні і небяспеку, але іх ігнаруюць. Сама будоўля вядзецца цалкам закрыта ад грамадства.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: TUT.BY