Аб'ектыў 13.07.2018 Новы амбасадар Расеі – інфармацыйная вайна ці правакацыя?


Звычайныя чуткі ці запалохванне афіцыйнага Менску? Расейскія медыі са спасылкай на ўласныя крыніцы напісалі, што Масква запытала ў Менску дазвол на прызначэнне паслом у Беларусь сілавіка, былога прэм’ера Чачэніі Міхаіла Бабіча. Што на гэта Менск?

Чуткі пра тое, што 77-гадовага Аляксандра Сурыкава, які ўжо 12 год займае пасаду амбасадара Расеі ў Беларусі, зменіць іншы чалавек Крамля, ходзяць ужо не першы месяц.

«Канешне, ён ужо не мае таго «задору», з якім ён прыйшоў на гэтую пасаду. Відавочна, што для Расеі неабходна мець на беларускім напрамку даволі моцнага, маладога энергічнага дыпламата», – мяркуе маскоўскі палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Сярод гэткіх «задорных» і моцных праваднікоў волі Крамля разглядаліся кандыдатуры шэрага кардынала Уладзіслава Суркова і сілавіка Міхаіла Бабіча.

«Калі Масква мела намер ці проста запускала інфармацыю пра такіх асобаў як Суркоў ці Бабіч – прадстаўнікоў сілавой палітыкі, арлоў вонкавай палітыкі – гэта сведчыць, што ў Масквы жорсткі сцэнар у дачыненні да Беларусі», – адзначае палітолаг Павел Усаў.

Сёння чуткі пра кандыдатуру Бабіча перайшлі ў разрад амаль «дакладнай інфармацыі». Гэтак расейскае выданне «РБК» са спасылкай на блізкія да Крамля крыніцы распавяло, што расейскі бок выслаў беларускім уладам дакументы на папярэднюю згоду, а на наступным тыдні ў Думе будзе разглядацца прызначэнне Бабіча ў Менск, які цяпер займае пасаду Упаўнаважанага прадстаўніка прэзідэнта Расеі ў Прыволжскай федэральнай акрузе.

​«На сваёй цяперашняй пасадзе ён быў замешаны ў нейкія карупцыйныя схемы, скандалы з мясцовымі элітамі. Таму гэта адна з прычын, як кажуць крыніцы, чаму яму хочуць знайсці іншую пасаду», – працягвае Павел Усаў.

А другая прычына ў тым, што выхадзец з сілавых структур можа стаць моцнай рукой Крамля ў ціску на Беларусь – перадусім у пабудове па сцэнары Расеі Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюзу.

«Беларусь тут з’яўляецца адным са сталпоў у еўразійскай інтэграцыі, таму відавочна, што Масква будзе надаваць вялікую ўвагу Менску, таму што Масква зацікаўленая ў развіцці Еўразійскага эканамічнага праекту», – заўважае Дзмітрый Балкунец.

А ў палітычным праекце Саюзнай дзяржавы з агульнымі наднацыянальнымі органамі кіравання, як мяркуе беларускі палітолаг Павел Усаў, нашая краіна будзе гуляць другасную ролю:

«Еўразійская інтэграцыя – гэта ўсё ж такі імперскі праект, і беларускія інтарэсы брацца пад увагу тут не будуць. Другое пытанне – гэта размяшчэнне расейскай вайсковай базы».

У Бабіча акурат ёсць галоўная неабходная для рэалізацыі мэтаў Крамля рыса.

«Я ведаю Міхаіла Віктаравіча як чалавека да мозгу касцей дзяржаўнага і які адстойвае інтарэсы сваёй радзімы ў першую чаргу, і які дакладна выконвае даручэнні прэзідэнта РФ», – кажа былы прэс-сактара Бабіча Рустам Зарафутдзінаў.

Пакуль эксперты кажуць пра пагрозы з боку апаратна ўплывовага чалавека, беларускія дыпламаты, падобна, маюць час на фармулёўку сваёй пазіцыі па кандыдатуры Бабіча, бо…

«На сённяшні дзень у МЗС Беларусі такі запыт не паступаў», – кажа прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатолій Глаз.

Тры гады таму на аналагічную прапанову Крамля ўлады Украіны адказалі рашучым «Не!», назваўшы яе правакацыяй, а Міхаіла Бабіча – паслом вайны. Ці здолее Менск настаяць на больш міралюбівай кандыдатуры – стане першай праверкай таго, ці здолеюць улады нашай краіны ўстаяць перад наступнымі, больш істотнымі патрабаваннямі Крамля.

Вольга Старасціна, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары