Новую кнігу Горвата набываюць яшчэ лепш, чымся «Радзіва Прудок»


Дэбютную кнігу пісьменніка, «Радзіва Прудок», раскупілі за лічаныя дні. Ці паўторыць поспех ягоная новая «Прэм’ера»?

Кніга трапіла ў продаж 21-га снежня, адмыслова ціха, без рэкламы, але ўжо сёння стала зразумелым, што гэта не перашкода для чарговага ажыятажу пакупнікоў.

«Прэм’еру» можна набыць толькі ў дзвюх крамах Менску: у касе Купалаўскага тэатру і ў «Акадэмкнізе». Пра яе прэзентацыю таксама інфармацыі нідзе няма. Тым не менш кнігу раскупляюць вельмі хутка.

«З раніцы пытаюць пра гэтую кнігу. На фоне таго, як прадалася першая кніга, гэтая кніга карыстаецца яшчэ большым поспехам. Тую кнігу неяк з насцярожанасцю ўспрымалі: пакуль людзі прачыталі, пакуль распавялі. А гэтая ўжо, як кажуць, «па накатанай» сцежцы», – кажа касірка Купалаўскага тэатру Зінаіда Паніна.

Зінаіда таксама акцэнтуе нашую ўвагу на тым, што на вокладцы «Прэм’еры» ў подпісе Андрусь стаўся Андрэем. Гэта выклікае пытанні ў некаторых чытачоў: ці не пачалася ў аўтара зорная хвароба? Як і «Радзіва Прудок», «Прэм’ера» выйшла ў выдавецтве «Медысонт» накладам усяго толькі 1000 асобнікаў.

«Нашая дамоўленасць з Андрэем была такая, што першы наклад забірае ён і цалкам займаецца яго распаўсюдам. Другі і наступныя наклады мы будзем прадаваць з ім сумесна ды, безумоўна, будзем прапаноўваць незалежным распаўсюднікам, спадзяюся, створым і сваю кропку», – распавядае выдавец Іван Кобзік («Медысонт»).

Папярэдняя кніга Горвата атрымала прэмію «Дэбют», а таксама прэмію Адама Глобуса «Залатая літара», увайшла ў кароткі спіс прэміі Гедройца. І гледзячы на тое, якую папулярнасць цяпер набывае «Прэм’ера», з упэўненасцю можна сказаць, што без увагі з боку грамадскасці яна не застанецца.

Марыя Арцыбашава, «Белсат»