Аб'ектыў 08.12.2018 Новая лідар кіроўнай партыі Нямеччыны вельмі не любіць Пуціна


На пасадзе старшыні Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Ангелу Мэркель замяніла Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр. Праз тры гады яна і мае стаць кандыдаткай хрысціянскіх дэмакратаў на пасаду канцлера. Падрабязнасці ад Ганны Мордань.

Нямецкія хрысціянскія дэмакраты ў мінулую пятніцу другі раз запар за 70-гадовую гісторыю партыі даверылі кіраўніцтва жанчыне.

«Я прымаю вынікі галасавання. Хачу сказаць дзякуй за давер і падзякаваць Енсу Шпану і Фрыдрыху Мэрцу за сумленную канкурэнцыю, якая ў нас была», – заявіла новаабраная лідарка ХДЗ Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр.

Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр заваявала лідарства ў другім раўндзе, атрымаўшы пяцьсот сямнаццаць з амаль тысячы галасоў дэлегатаў. Новая старшыня ХДЗ абяцае працягваць цяперашні курс партыі.

«Партыя не дзеліцца. Нашая супольная задача – працаваць на адзінства гэтай партыі», – дадала Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр.

Пра тое, што пасля 13 гадоў яна пакіне пасаду старшыні ХДЗ, Ангела Мэркель абвясціла напрыканцы кастрычніка. Разам з тым яна заявіла, што канцлеркай Нямеччыны застанецца да канца тэрміну – да восені 2021-га года.

«Цяпер прыйшоў час адкрыць новы раздзел. У гэты момант я напоўненая адзіным найважнейшым пачуццём: удзячнасцю. Гэта было вельмі прыемна, гэта было гонарам. Дзякуй», – заявіла Ангела Мэркель.

Крамп-Карэнбаўэр лічыцца пратэжэ былой старшыні. Раней яна кіравала кансерватыўнай зямлёй Сіар на захадзе Нямеччыны. Там усяго сорак гадоў таму жанчына, перш як уладкавацца на працу, адмыслова мусіла атрымаць пісьмовы дазвол мужа. У Берлін новая старшыня пераехала толькі ў лютым гэтага года.

«Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр і Ангела Мэркель шчыльна супрацоўнічаюць, таму я аптыміст і лічу, што гэта будзе ўдалае супольнае кіраванне. Крамп-Карэнбаўэр – як адказная за партыю, а Мэркель – як канцлерка да канца тэрміну, да 2021-га года», – заявіў Дэйвід Макэлістэр, чалец выканаўчага камітэту ХДЗ.

Новая лідарка нямецкіх хадэкаў – прыхільніца жорсткай антыпуцінскай лініі. Пасля атакі на ўкраінскія караблі ў Керчанскай затоцы Крамп-Карэнбаўэр прапанавала заблакаваць еўрапейскія парты для расейскага флоту.

Ганна Мордань; фота – Kai Pfaffenbach/Reuters/Forum

Глядзі таксама
Каментары