Новая гучная карупцыйная справа. Затрыманы галоўны архітэктар Менгарвыканкаму


У сталіцы затрымалі галоўнага архітэктара Менгарвыканкаму Паўла Лучыновіча – чалавека, фактычна адказнага за… за ўсё тое, што менчукі бачаць навокал. І гэта не першая такая карупцыйная справа сёлета – амаль месяц таму падобнае затрыманне адбылося ў Магілёве.

Паводле інфармацыі Следчага камітэту, Лучыновіча затрымалі ў Менскім раёне пасля атрымання хабару памерам 4 тысячы долараў за ўзгадненне праектных рашэнняў. Крымінальную справу завялі паводле артыкулу «Атрыманне хабару ў буйным памеры». Грошы перадавала індывідуальная прадпрымальніца, якая таксама трапіла пад крымінальную справу.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Павел Лучыновіч прымаў рашэнні аб дазволе – недазволе на будаўніцтва ўсіх аб’ектаў у Менску. Таксама на змены фасадаў, на самыя розныя пытанні. Гэта пытанні на многія мільёны долараў… Мы акурат завяршылі вялікае расследаванне па схемах з прыкметамі карупцыі ў будаўніцтве і выдзяленні ўчасткаў у Беларусі. І сярод удзельнікаў рынку, з якімі мы прыватна размаўлялі, імя Лучыновіча ўсплывала не раз».

Павел Лучыновіч стаў галоўным архітэктарам Менску 4 гады таму. Да гэтага ён працаваў намеснікам старшыні сталічнага камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва. Актывісты кажуць, што акурат дзякуючы ягоным непапулярным рашэнням забудоўваліся нават даволі спрэчныя ўчасткі ў Менску.

«У нас свята, чалавека затрымалі. Я, вядома, разумею, у чалавека асабістая трагедыя, так. Але для людзей, хто жыве ў прыватным сектары і хто змагаецца супраць ушчыльнення Менску, шчыра скажу: гэта свята. То бок нейкая справядлівасць усё-такі ёсць», – гаворыць Віктар Барташэвіч, актывіст.

Але хіба варта звяртаць увагу не столькі на самыя факты арыштаў, колькі на тое, што будзе далей з затрыманымі па карупцыйных справах у будаўніцтве, ды ці адбудуцца істотныя змены ў працы камітэтаў архітэктуры і будаўніцтва ды іншых органаў, якія даюць дазвол на забудову па ўсёй краіне. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Вельмі часта бяруць толькі асобных выканаўцаў на дробных сумах, якія яны перадавалі. Між тым, нягледзячы на пасадкі, пасля гэтага схемы на сотні тысячаў і мільёны долараў працягваюць дзейнічаць, проста з іншымі выканаўцамі і іншымі гульцамі».

А як жа бачыцца змаганне з карупцыяй яе ўскосным ахвярам – звычайным беларусам?

«Калі кіраўнік бярэ хабар, значыць, мала плоцяць. Трэба больш плаціць, не будуць браць».

«Як у Кітаі – смяротнае пакаранне».

«Трэба скараціць увесь чынавенскі апарат. Нідзе ў свеце няма столькі чыноўнікаў, як у нас у Беларусі».

«Канкрэтна ўвесці смяротнае пакаранне за хабар, і ўсё».

«І садзяць, і адпускаюць, гэта ж зразумела, у чым прычына – гэта задавальняе ўлады», – мяркуюць жыхары Менску.

З гэтакім меркаваннем пагаджаюцца і эксперты. Актывіст Віктар Барташэвіч кажа:

«Трэба органам правесці, КДБ у тым ліку, праверку ўва ўсіх камітэтах архітэктуры раёнаў Менску, пачынаючы ў першую чаргу з Савецкага раёну. Бо гэта такая піраміда».

Вось толькі на вяршыні гэтай піраміды, на меркаванне адмыслоўцаў, стаіць далёка не кіраўнік камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва сталіцы.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu