«Ніякая сіла нас не спыніць!» Турцыя працягвае наступ на пазіцыі курдаў


Турцыя не збіраецца спыняцца, нягледзячы на магчымыя амерыканскія санкцыі. Анкара працягвае наступ на пазіцыі курдаў у Паўночнай Сірыі. Месца амерыканцаў у рэгіёне займаюць расейскія войскі. Да чаго прывядзе турэцкая аперацыя «Крыніца міру»?

Саюзныя Турцыі сірыйскія паўстанцы вядуць баі з курдамі на вуліцах памежнага паселішча Рас аль-Айн. З турэцкага боку іх падтрымлівае артылерыя. На стокіламетровым участку мяжы турэцкія сілы пакуль не занялі толькі гэтага паселішча. І Турцыя не збіраецца спыняцца.

«Аперацыя скончыцца толькі тады, калі мы возьмем пад кантроль паласу шырынёю 30–35 кіламетраў без якіх-кольвек выключэнняў. Пакуль мы не дасягнём гэтае мэты, ніякая сіла нас не спыніць!» – кажа прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.

Не спыняюць нават эканамічныя санкцыі, якімі Анкары ўчора пагразіў Вашынгтон. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп казаў:

«У нас у запасе мноства інструментаў! Калі яны не спыняць агню, то мы ўвядзём высокія мыты на сталь. Яны зарабляюць мноства грошай на экспарце сталі, і столькі грошай яны зарабляць не змогуць!»

Раздражненне дзяржаваў свету не знаходзіць паразумення ў турэцкім грамадстве. З пачатку ўварвання ў населеную курдамі паўночную Сірыю патрыятычныя настроі ў Турцыі выраслі. Пакуль турэцкія войскі наступаюць з поўначы, з поўдня на кантраляваныя курдамі тэрыторыі ўваходзіць армія Башара аль-Асада.

Што адбудзецца, калі войскі Дамаску ўдараць па арміі дзяржавы – чальца NATO? Адказвае эксперт інстытуту палітыкі бяспекі гораду Кіля Ганэс Адамайт:

«Будзе сумна, але гэта не запусціць механізму калектыўнай абароны NATO. Гэта Турцыя ўварвалася на тэрыторыю Сірыі, а не сірыйскія сілы напалі на тэрыторыю Турцыі».

Каб сутыкненняў не адбылося, тэрыторыю паміж войскамі Турцыі ды Башара аль-Асада пачалі патруляваць расейскія войскі. Яны ўвайшлі ў горад Манбідж, адкуль напярэдадні эвакуяваліся амерыканцы.

«Яшчэ тыдзень таму мы не маглі сабе дазволіць заехаць у Манбідж так адкрыта, з дэманстрацыяй сцягоў, бо вайскоўцы арміі ЗША з дзвюх сваіх ваенных базаў увесь час нам перашкаджалі», – кажа Сафар Сафараў з расейскай вайсковай паліцыі.

Рашэнне вывесці каля тысячы амерыканскіх жаўнераў з паўночнай Сірыі Доналд Трамп прыняў у мінулыя выходныя. Праз тры дні па пазіцыях курдаў – галоўных саюзнікаў ЗША ў барацьбе з «Ісламскаю дзяржаваю» – ударыла турэцкая армія.

«Доналд Трамп робіць усё магчымае, каб падарваць давер да ЗША і адзінства NATO. Нечакана выводзячы амерыканскія войскі з Сірыі, ён фактычна заяўляе, што гарантыі бяспекі Вашынгтону не застаюцца непарушнымі» – мяркуе Ганэс Адамайт.

ААН занепакоеная «катастрафічнымі гуманітарнымі наступствамі канфлікту». Свае дамы ўжо пакінулі 160 тысячаў чалавек. Непакой Захаду выклікаюць і турмы на кантраляваных курдамі тэрыторыях. У іх утрымліваюць 12 тысячаў чалавек, якіх падазраюць у баявых дзеяннях на баку «Ісламскай дзяржавы».

Ян Вярбіцкі, Алесь Папко belsat.eu