«Ніводнай капейкі пуцінскай хеўры!» – грамадзянскі пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй


Рух Салідарнасці «Разам» заклікаў беларускія палітычныя сілы аб’яднацца і ладзіць масавыя акцыі супраць інтэграцыйных дамоваў Беларусі і Расеі. Дэмакратычная апазіцыя прапаноўвае пратэставаць не толькі на вуліцы, але і фінансава – арганізаваць нявыплату падаткаў і збораў.

Што ні дзень, то новая нагода пра паглыбленую інтэграцыю ад расейскіх СМІ. Сёння расейскі прэм‘ер Дзмітрый Мядзведзеў павіншаваў свайго калегу Сяргея Румаса з 50-годдзем, і заадно праз тэлефон кіраўнікі ўрадаў абмеркавалі графік сустрэчаў і наступных перамоваў. Апошнія месяцы чыноўнікі рыхтуюць дарожныя мапы – дакументы аб паслядоўнасці інтэграцыйных дамоваў, што, як мяркуецца, Пуцін і Лукашэнка могуць падпісаць роўна праз тыдзень.

«Беларускае грамадства нават не ведае падрабязнасцяў перамоваў, мы не ведаем, якія дакументы плануецца падпісваць 8 снежня ці ў іншыя даты», – кажа старшыня Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Афіцыйна Масква заяўляе пра эканамічнае аб’яднанне, неафіцыйна – праз выцекі ў кантраляваныя СМІ – рыхтуе грамадскую думку да стварэння адзінага ўраду і парламенту. Беларускі дзяржапарат, як і дзяржаўныя медыі, выказваецца мінімальна. Што нараджае чуткі пра поўную страту незалежнасці ў бліжэйшыя месяцы. Гэта слабасць аўтарытарнай сістэмы, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч:

«Рашэнні прымае адзін чалавек, усе важныя пытанні вырашае адзін чалавек, таму і справа беларускай дзяржаўнасці залежыць ад аднаго чалавека».

Аляксандр Лукашэнка запэўнівае, што для яго незалежнасць – святое.

Але ягоныя падначаленыя працягваюць рыхтаваць да падпісання новую саюзную дамову з Расеяй.

«Любыя дамовы з Масквой нясуць небяспеку для беларускай нацыі, бо гэта дамовы з краінай, якая сёння ўцягнутая ў войны. А войны беларусам абсалютна непатрэбныя», – перакананы Вячаслаў Сіўчык.

Ці ўхваляюць беларусы такія працэсы, і ці гатовыя пратэставаць супраць пераходу пад маскоўскі кантроль?

Вось што мяркуюць жыхары і госці Менску:

«Большасці людзей гэта не падабаецца. І такія пытанні трэба вырашаць хаця б праз рэферэндум».

«Калі паспрабуюць падпісаць, трэба выходзіць».

«Трэба выходзіць і змагацца за Беларусь».

Шэраг прадстаўнікоў беларускай апазіцыі заклікаюць на акцыі пратэсту супраць падпісання новай дамовы. А рух салідарнасці «Разам» прапаноўвае не толькі падтрымліваць вулічныя дэманстрацыі, але і арганізаваць акцыю грамадзянскага непадпарадкавання: не плаціць падаткаў і збораў. Заклік гучыць так: «Ніводнай беларускай капейкі пуцінскай хеўры!»

Яраслаў Сцешык, «Белсат»