Незалежныя прафсаюзы адмовіліся святкаваць Першамай


Міхаіл Орда, лідар Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі дае каментар дзяржаўным СМІ. Ірына Арахоўская / «Белсат»

Міжнародны дзень салідарнасці працоўных прайшоў, як дзяржаўнае «Свята працы». Кіраўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і чыноўнікі ўсклалі кветкі да стэлы «Менск – горад-герой», а ў парку Перамогі арганізавалі масавыя гулянні. А Незалежны беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў у гэты ж дзень ня змог правесці вулічную акцыю з прычыны немагчымасці аплаціць паслугі міліцыі, як таго патрабуе пастанова ўраду.

«Мы падалі заяўку, гэта супольная імпрэза, якая праходзіць у межах дня працы. Мы сабраліся ўсе – тут няма пропускаў – хто хоча, прыходзіць і адзначае. Гэта выходны дзень паводле нашага календара, і гэта свята ўсіх», кажа лідар ФПБ Міхаіл Орда.

Афіцыйная частка святкавання працягнулася масавым гуляннем у парку Перамогі паводле звыклай традыцыі – пачастункі ды відовішчы.

Рэпартаж Галіны Абакунчык глядзіце ў поўным выданні навінаў за 1 траўня

Удзельнікамі «Свята працы» перадусім сталі студэнты ВНУ.

«Мы прыйшлі сюды разам з універсітэтам, наш студэнцкі прафсаюз накіраваў нас на гэтае свята і мы такой шумнай талакой прыйшлі сюды», – кажуць яны.

Свята працы на дзяржаўным узроўні насамрэч у Беларусі замяняе міжнародна прызнаны Дзень салідарнасці працоўных, калі людзі працы дэманструюць сваю салідарнасць у патрабаванні выканання сваіх законных правоў. Для Беларусі гэта вельмі актуальна, кажа лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

«Мы ведаем, якія ў нас заробкі, якія ў нас пенсіі, якой стане сітуацыя з правамі працоўных. І 1 траўня – найлепшы дзень, каб выставіць патрабаванні ўраду. А мы што бачым: ура, ура, ура!!!», кажа лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Незалежныя прафсаюзы ад традыцыйных першатравеньскіх акцыяў сёлета адмовіліся. Прычына, кажа Аляксандр Ярашук, у тым, што апошнім часам улады пачалі патрабаваць ад арганізатараў аплату паслугаў міліцыі. А гэта вялікая сума. Пра тое ж, ці плацілі за ахову сваёй акцыі дзяржаўныя прафсаюзы, іх кіраўнік нічога не сказаў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»