Незалежныя? Без рэкламы!

І без таго часцяком сціплыя бюджэты незалежных медыяў могуць яшчэ зменшаць. Нацбанк рэкамендаваў астатнім банкам краіны не размяшчаць рэкламу ў недзяржаўных сродках масавай інфармацыі.

Адмовіцца ад рэкламы ў недзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Такая рэкамендацыя банкам прагучала на паседжанні Нацбанку – паведамляе партал TUT.by.

«Гэта накіравана на тое, каб пазбавіць недзяржаўныя выданні падтрымкі. Каб журналісты мелі менш магчымасці працаваць. Каб, умоўна кажучы, TUT.by і «Onliner» – медыі, каторыя найбольш папулярныя ў Беларусі і каторыя сапраўды мелі вялікі адсотак банкаўскай рэкламы, – згубілі грошы», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

«Безумоўна, гэта будзе вельмі балюча для СМІ, таму што паводле ацэнак, якія я бачыў у агульным рынку банкаўскай рэкламы, гэта парадку 10 %», – гаворыць старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Нацыянальны банк наяўнасць падобнай ініцыятывы не пацвярджае, а таксама не каментуе, чыя гэта рэкамендацыя.

«Нават калі гэтая рэкамендацыя і сыходзіла ад Нацыянальнага банку ці, дакладней, была ім агучана, мне здаецца, відавочна гэта не ягоная ініцыятыва. Хутчэй за ўсё, тут Нацыянальны банк быў вымушаны трансляваць чыюсьці просьбу. Напрыклад, з боку Адміністрацыі прэзідэнта», – мяркуе Вадзім Іосуб.

Пакаранняў за парушэнне рэкамендацыяў няма, але Нацбанк можа націснуць на банкіраў – кажа эксперт. Таму лепш не сварыцца. Як паведаміла нашаму каналу намесніца генеральнага дырэктара «TUT.by Медыя» Ксенія Іванова, банкі пачалі здымаць рэкламу:

«Зняцце рэкламы з боку банкаў было. Гэты факт мы пацвярджаем. Дадатковых каментароў па гэтай сітуацыі мы не даем, таму што гэта парушае дамовы аб канфідэнцыйнасці з кліентамі».

Настойлівыя рэкамендацыі адносна рэкламы ў недзяржаўных выданнях фактычна парушаюць прынцып роўнасці медыяў, дэклараваны ў Законе аб СМІ.

«Няма ў Законе аб рэкламе ніякіх згадак, дзе банк павінен рэкламавацца, ці той ці іншы завод, ці прадпрыемства мусіць размяшчаць, з кім узгадняць тую ці іншую рэкламу. І афіцыйна яны гэтыя свае рэкамендацыі ніколі не прызнаюць, таму што гэта незаконна», – упэўнены Барыс Гарэцкі.

Пра навядзенне парадку на рынку рэкламы заявіў пасля свайго прызначэння міністр інфармацыі Ігар Луцкі.

А забароны для нашай краіны – не навіна: 15 гадоў таму адмовіцца ад рэкламы ў недзяржаўнай прэсе рэкамендавалі дзяржаўным прадпрыемствам.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама