Аб'ектыў 18.11.2018 Невялікая перамога праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці


Паўторную экалагічную экспертызу пройдзе скандальны праект Берасцейскага Завода «iPower», які мае прадукаваць свінцова-кіслотныя акумулятарные батарэі. Дамагліся гэтага праціўнікі кітайскай тэхналогіі, некалькі тысячаў аналагаў якой зачынілі на радзіме.

Ужо другую зіму на галоўнай плошчы Берасця штонядзелю гуртуюцца галубы – частавацца зернем, а іхныя кармільцы – змагацца за чыстае паветра.

«Усе збіраюцца на плошчы і абменьваюцца інфармацыяй аб тым, што адбылося за гэты тыдзень у справе акумулятарнага заводу», – кажа Ганна Канюс, праціўніца акумулятарнага заводу.

Пратэст маўклівы, але настойлівы. Людзі патрабуюць, каб у Свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» спынілі будаванне акумулятарнага заводу, які мАе вырабляць свінцова-кіслотныя акумулятарныя батарэі.

«Завод вельмі шкодны, ні ў якім выпадку нельга дапускаць, каб ён запрацаваў», – адзначае праціўніца акумулятарнага заводу.

Усяго за семсот метраў ад бліжэйшых дамоў і гародаў і за некалькі кіламетраў ад рысы абласнога гораду… Гмах заводу аброс судовымі справамі ды лістамі праціўнікаў будаўніцтва.

Міністэрства прыроды адказала толькі на адзін з сямі такіх лістоў. І цалкам скончыла дыскусіі са сваім працаўніком Сяргеем Заўялавым, які крытыкаваў узровень завадскіх выкідаў свінцу.

«Ён напісаў заяву аб звальненні на ўласнае жаданне, але пры гэтым у яго не было выплаты за выслугу ў памеры каля дзвюх тысячаў долараў. То бок маё ўласнае меркаванне, што яго папрасілі звольніцца», – кажа Зміцер Бекалюк, праціўнік акумулятарнага заводу.

Мясцовыя чыноўнікі, Міністэрства прыроды і кіраўніцтва акумулятарнага заводу на працягу года апавядаюць насельніцтву пра 140 новых працоўных месцаў і пра высокі ўзровень ачышчэння адкідаў – вады і паветра.

Навошта тады цішком маніпуляваць лічбамі? – пытаюцца тыя, хто даследуе сітуацыю. Нядаўна на старонцы аб’екту падмянілі тэхнічныя пашпарты на ачышчальнае абсталяванне.

«Добра што мы ўсё задакументавалі, калі звярталіся ў гэтым пытанні да міністэрства і выразна ўказалі канцэнтрацыю шкодных рэчываў. Былі захаваныя ўсе копіі і ў гэтым Дзіміян таксама папярэдзіў міністэрства. То бок пашпартныя звесткі змянілі ў бок змяншэння шкодных выкідаў удвая», – адзначае Зміцер Бекалюк, праціўнік акумулятарнага заводу.

Разам з першым снегам на берасцейскай цэнтральнай плошчы сёння святкавалі вялікую перамогу.

«Вельмі мы ўзнесліся духам пасля ўчорашняй гутаркі нашых актывістаў Дзям’яна і Зміцера з Малкінай (Мінпрыроды) пра тое, што цяпер будзе праводзіцца паўторная экалагічная экспертыза», – распавяла Юлія Зубік, праціўніца акумулятарнага заводу.

Праект будуць пераацэньваць дзяржаўныя эколагі, якім актывісты давялі інфармацыю пра шкоднасць падобных вытворчасцяў у свеце. Калі ўзровень небяспекі для наваколля прызнаюць высокім – будоўлю спыняць.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары