Неверагодны план Лукашэнкі на наступныя 20 гадоў


IT краіна, штучны інтэлект, інтэрнэт рэчы, крыптавалюты. Будучыня Беларусі да 2040-га года выглядае не проста шыкоўна, а прамяніста. На фоне ўсяго гэтага Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да тэмы АЭС і чарговы раз прапанаваў выкарыстоўваць яе разам з літоўцамі.

«У свеце існуе сотні такіх блокаў, мы пабудуем сабе два. Я ўжо прапаноўваў суседзям, давайце разам падумаем, як яе эксплуатаваць», – не губляе надзеі прадаць энергію кіраўнік Беларусі.

АЭС плануюць увесці ў эксплуатацыю ўжо праз 2 гады

Паводле папярэдніх падлікаў праект будзе каштаваць не менш за $ 11 млрд, але пра эканамічную мэтазгоднасць станцыі не ўзгадвалі.

«Заявы Лукашэнкі цікавяць перадусім толькі беларусаў і тое не заўсёды. Што да нашых суседзяў, то яны самі будуць вырашаць, што купляць. І калі яны бачаць, што да іх перасцярогаў ставяцца без увагі, то гэтак сама яны могуць паставіцца да прапановаў Беларусі купляць беларускую электраэнергію», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Прэзентацыя стратэгіі развіцця краіны на найбліжэйшыя 20 гадоў

Яшчэ напярэдадні сходу, на нарадзе ў пытаннях развіцця IT сектару, Лукашэнка анансаваў падпісанне новага дэкрэту «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Уступна, паводле падлікаў экспертаў, захады, якія прапісаныя ў дэкрэце, дазволяць цягам 10-ці гадоў павысіць экспарт праграмных прадуктаў да $ 4,7 млрд штогод.

«На сённяшні дзень IT сектар складае менш за 5 % ад ВУП, калі да 2030-га года паказчык вырасце ў некалькі разоў, ён не зможа замяніць традыцыйныя галіны эканомікі», – даводзіць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Патрабаванні высокія, умовы благія

Пра тое, у якіх умовах працуюць тыя, хто займаецца фундаментальнымі навуковымі распрацоўкамі, у часе сходу нават не гаварылі. Але журналісты з радыё «Свабода» падлічылі, што суперкамп’ютар беларускіх навукоўцаў у магутнасці адпавядае пяці прыстаўкам «Playstation». З іншых дасягненняў, Акадэмія навук пачала выпускаць віно за Br 3,18.

Што праўда, і інвестуе дзяржава няшмат.

Пры канцы года навукі кіраўнік краіны прызначыў стыпендыі 100 маладым навукоўцам. Кожны з іх штомесяц будзе атрымліваць Br 400.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: president.gov.by