Неўзабаве выкінуць жывёліну на вуліцу проста так не атрымаецца


У Беларусі працуюць над праектам закону аб правілах утрымання катоў і сабак. Ілюстрацыйны здымак – Віктар Кручынін/ТАСС/Forum

З нагоды Міжнароднага дня бяздомных жывёлінаў «Белсат» наведаў прыватны прытулак «Суперкот», які існуе за ахвяраванні людзей. Валанцёрка Аксана Ніціеўская, якая займаецца тут лекаваннем жывёлаў, ужо дзесяць гадоў дапамагае катам.

«Самае важнае з чалавечых якасцяў – гэта міласэрнасць, людзі мусяць дапамагаць. Хтосьці дапамагае дзецям, хтосьці дапамагае інвалідам, я дапамагаю жывёлінам. Я лічу, што гэта вельмі важна – клапаціцца пра бездапаможных», – кажа жанчына.

У Менску прынамсі пяць прыватных прытулкаў для бяздомнай жывёлы. Усе яны існуюць на грамадскіх пачатках. Паводле зоаабаронцаў, штогод у Беларусі адлоўліваюцца прыблізна 70 тысячаў бяздомных катоў і сабакаў.

Матэрыял Насты Кахановіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 17 жніўня

«У нас усе бяздомныя жывёліны падлягаюць адлову, у выключных выпадках – адстрэлу. Выключны выпадак не раскрываецца ў заканадаўстве, але практыка ідзе па такім шляху, што, калі ў горадзе ці ў населеным пункце адсутнічае пункт часовага ўтрымання бяздомных жывёлінаў, такая жывёла падлягае ўсыпленню», – расказвае Настасся Жаўрыд, кіраўніца Цэнтру абароны жывёлінаў «Анімалекс».

Кінутыя гадаванцы трапляюць у пункты часовага ўтрымання бяздомнай жывёлы. У Менску такім пунктам распараджаецца ўнітарнае прадпрыемства «Фаўна гораду». Кожную жывёліну ўтрымліваюць тут да пяці содняў. І калі за гэты час валанцёры не забралі чатырохногага, яго ўсыпляюць. У такой трагічнай смерці часта вінаватыя былыя гаспадары. Напрыклад, у шмат якіх краінах прадугледжаная адміністратыўная адказнасць за выкіданне хатняй жывёлы.

«У праекце новых правілаў гэтая норма прадугледжаная. Мы вельмі чакаем, што гэтая норма будзе замацаваная, таму што на сённяшні дзень за адмову ад жывёлы, то бок калі жывёлу фактычна выставілі на вуліцу, адказнасці няма», – расказвае Настасся Жаўрыд, кіраўніца Цэнтру абароны жывёлінаў «Анімалекс».

Цэнтр «Анімалекс» ды іншыя зоаабарончыя арганізацыі разам з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі бяруць удзел у распрацоўванні праекту новых правілаў утрымання катоў і сабакаў. Праект мусіць быць распрацаваны да пачатку наступнага года.

Наста Кахановіч, «Белсат»