Несвяточнае свята


У гэтыя выходныя ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень настаўніка. З-за сваіх палітычных перакананняў сёлета з прафесіі вымушаны былі сысці дзясяткі нязгодных.

Репетытарства для Яны Баброўскай цяпер адзіная крыніца даходу. Ужо былая выкладчыца акадэміі сувязі выйшла пасля выбараў на пратэст. Затрымалі сябра, яна пайшлі ўслед у аўтазак. У выніку – 4 сутак за кратамі.

«Калі мяне адпусцілі, я бачу ў мяне непрачытаныя паведамленні ад студэнтаў: Яна Юр’еўна – вы наш герой, вы памятаеце, вы нас вучылі. Калі што, мы з вамі, мы такая-та група. Пішу: дзякуй, сардэчкі», – згадвае выкладчыца.

Кіраўніцтва аднак паставілася інакш і настойліва папрасіла Яну напісаць заяву на звальненне. За дзень да пачатку вучэбнага году Яна засталася без любімай працы:

«Яна падабалася, бо там былі студэнты, з якімі мы вельмі добра знаходзілі агульную мову, мне вельмі гэта праца падабалася».

З-за сваіх палітычных поглядаў пазбавіўся працы і трэнер па трыатлону спартовай школы «Юнасць» Андрэй Стрэльнікаў. Дзявятага верасня ён гэтак жа выйшаў на вуліцы сталіцы. Атрымаў траўмы ад светлашумавой гранаты і дубінак.

«Збілі проста па дарозе ў аўтазак, ну і непасрэдна ў самім аўтазаку. Пасля чаго я трапіў на Акрэсціна», – распавядае трэнер.

На волю мужчына выйшаў з лёгкай чэрапна-мазгавой траўмай. Праз дзень кіраўнік школы папрасіў трэнера з 16 гадовым стажам напісаць заяву на звальненне.

«Калі б я настаяў бы на сваім, яго б звольнілі, ён так і сказаў: або ты, або я. Ён як бы знаходзіцца ў зняволенні ў гэтай сістэме, ён нічога не можа зрабіць», – разводзіць рукамі спадар Стрэльнікаў.

Сотні настаўнікаў выходзілі ў жніўні на вуліцы супраць фальсіфікацыяў выбараў і перадусім з асуджэннем гвалту. Дагэтуль выкладчыкі працягваюць запісваць звароты ў падтрымку пратэстуючых студэнтаў. Акурат напярэдадні свята выкладчыцу Юлію Матусевіч папрасілі звольніцца з Медычнага ўніверсітэту за тое, што яна заступілася перад адміністрацыяй ВНУ за студэнтаў.

Наста Кахановіч, «Белсат»