«Не трэба баяцца быць сумленным і бітым». Пратэставы рух шырыцца


Замест адпачынку ў выходныя – маршы за свабоду. А на змену заняткам у ВНУ ці ў перапынках – страйкі ды акцыі супраць гвалту. Пратэставы рух закрануў нават студэнтаў Акадэміі МУС. На мінулым тыдні адзін са студэнтаў публічна адмовіўся працягваць вучыцца і заклікаў сваіх аднакурснікаў пераняць ягоны прыклад.

«Вы можаце заняцца чымсьці, што вам падабаецца, і пры гэтым не шкадаваць ні пра што, не лавіць на сабе касых поглядаў мінакоў, калі ідзеш у форменнай вопратцы» – кажа ў сваім відэазвароце былы студэнт МУС Уладзіслаў Бацян.

Свой выбар зрабіла і былая журналістка каналу «Беларусь 1» Юлія Чаргінец. Пасля выбараў яна пастанавіла: больш там заставацца не можа.

«Некаторыя знаёмыя мне кажуць: «Трэба ціхенечка, трэба трошкі… Хавайся ў бульбу». Не, я такою была і я не хачу зноў вяртацца туды. Маўчаць я не буду. Трэба крычаць пра гвалт, трэба крычаць пра сваіх сяброў, якіх катуюць. Бо калі мы зараз схаваемся, мы ўсё страцім» – кажа былая карэспандэнтка «Беларусь-1» Юлія Чаргінец.

Дорага заплаціла за сваю грамадзянскую пазіцыю чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская. За тое, што выступіла публічна супраць гвалту і фальсіфікацыяў на выбарах.

«Я губляю цэлы заробак, але пры гэтым, я маю права там знаходзіцца, трэнавацца, аднаўляцца. Гэтага мяне пазбавіць не можа ніхто, акрамя майго трэнера» – кажа чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская.

Працягвае змагацца за свабодную Беларусь і Анатоль Гаўрылаў – фітнэс-трэнер з Менску. Каб заявіць пра сваю пазіцыю, разам з сябрамі ён падняў вялізны бел-чырвона-белы сцяг на самы высокі пункт Еўропы – на вяршыню Эльбрусу.

«Перамога наша непазбежная, таму што праўда яна адна. І колькі б масмедыя не хлусілі б рэгіёнах, колькі б аўтобусаў з чырвона-зялёнымі сцягамі ня прыязджала, нас больш, мы маем рацыю, мы за справядлівасць, за сумленную, мірную, спакойную і маю каханую Беларусь» – кажа Анатоль Гаўрылаў, фітнэс-трэнер.

Анатоль – былы працаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Сваіх былых калегаў, якія сёння змагаюцца не з агнём, а са сцягамі на гаўбцах, ён не разумее. Але ведае адно: з Эльбрусу ягоны бел-чырвона-белы сцяг дакладна ніхто не здыме.

«Не трэба баяцца быць сумленным і бітым, а трэба баяцца быць ілжывым і сытым. Умейце ўсім страхам у твар засмяяцца. Толькі ўласнай баязлівасці трэба баяцца» – кажа Анатоль з сябрамі на вяршыні Эльбрусу.

Міхаіл Прановіч belsat.eu