Аб'ектыў 06.07.2019 Не спыняюць ні дажджы, ні вецер, ні нават войны: рэпартаж з Будслаўскай пілігрымкі


Штогод тысячы вернікаў з Беларусі і ўсяго свету сцягваюцца ў Будслаў: гэтай традыцыі амаль 500 гадоў. Сёлетняя пілігрымка – першая ў статусе нематэрыяльнай каштоўнасці ЮНЭСКО.

Урачыстасць прысвечаная абразу Божай Маці, які захаваны ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты абраз мае славу крыніцы Божае міласці і цудаў. Ксёндз Дзмітрый Дубовік кажа:

«З апошніх цудаў гэта, у чалавека была, быў аздароўлены. І таксама яшчэ адзін чалавек меў анкалагічнае захворванне, прычым там чацвёртая стадыя ўжо, з метастазамі. Знікла не толькі пухліна, але і метастазы таксама. На жаль, згодна з інструкцыямі адносна цудаў, не можам тыя хваробы, якія могуць вярнуцца, як анкалогія, давесці да таго, каб быў афіцыйны цуд, але прынамсі як сведчанне пабожнасці вернікаў гэта выказваем, што будзе такое, ёсць».

Сёлета, не зважаючы на дрэннае надвор’е, фэст сабраў амаль дзве з паловаю пешых і роварных пілігрымаў. Яны дзеляцца сваймі ўражаннямі.

«Крочылі 60 кіламетраў, тры дні ў колькасці дваццаці чалавек. У гэты год, дзякуй Богу, дайшлі без стратаў. Добрыя ўражанні. Але і дождж быў, і вецер, і месцамі спякота. Але малітва падтрымлівала. Адзін за аднаго, побач. І гэтак ішлі. І гэтую адлегласць пераадолелі за адно імгненне» – распавядае Зміцер Жаўанронак з Бягомля. А Людміла Сяменас прыйшла з Паставаў:

«Я з Пастаў іду. 130 чалавек ішлі. Казалі, 150 ці 130. Напэўна, 130 ішлі. Кожны ідзе са сваёй просьбай. Але для мяне на гэты раз было галоўнае напаўненне сэрца любоўю і верай, каб я змагла пранесці нешта і падзяліцца гэтым, каб сапраўды было чым дзяліцца. Каб яно не было пустым».

Пілігрымаў не спыняюць ні дажджы, ні вецер, ні нават войны. Кажуць, у часе Другое сусветнае, калі адныя акупанты сыходзілі, а іншыя не паспявалі прыйсці, пілігрымкі працягвалі ладзіцца.

«Так людзі распавядаюць. Што і ў 1941-шы, і ў 1944 год было вось так, што адны адступалі, другія яшчэ не прыходзілі сюды. І тады, кажуць, Маці Божай належаў Будслаў. Якраз былі такія часы» – распавядае ксёндз Дзмітрый Дубовік.

У праграме сёлетняга свята – набажэнствы, сустрэчы моладзі, прэзентацыі хрысціянскай літаратуры. Кульмінацыя свята – начная працэсія на чале з абразом Маці Божай Будслаўскай.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары