Аб'ектыў 23.06.2019 Не памыешся, не нап’ешся і не наясіся: жыхары Магілёўскага раёну просяць вады


Абяцанкі замест вады. Але абяцанкамі не памыешся, не нап’ешся і не наясіся ды агароду не пальеш. Жыхары вёскі Чаромушкі, што на Магілёўшчыне, ужо шмат гадоў скардзяцца на недахоп вады.

«Два дні таму ўвогуле вады не было – ні ўдзень, ні ўначы, не вечарам, увогуле! А цяпер вось пайшла», – кажа жыхарка вёскі Чаромушкі Валянціна Батрачэнка.

Нядаўна вёску падлучылі да гарадскога водазабеспячэння, але перабоі з вадой засталіся: напор вады малы, або яе няма ўвогуле.

«Людзі прыйдуць з працы, уключаць краны, вады зусім не будзе», – адзначае Валянціна Батрачэнка.

Шмат у чым ратуе дажджавая вада. У ванне яна дзеля таго, каб агарод ёю паліваць. А гэта – душавая кабінка.

«Усё ў нас робіцца праз адно месца». 5 гадоў людзі чакаюць водаправод

«Усё лета мы мыемся пад чорнаю скрыняю. Вады набярэм уначы, удзень вада прагрэецца, вось і мыемся», – гаворыць жыхарка Чаромушак.

Праз гэткія невыгоды дзеці Валянціны не хочуць прывозіць у вёску ўнучку.

«Ладна мая ўнучанька большая, ёй 6 гадоў, а ёсць жа ў нас на пасёлку грудныя дзеткі. Ім жа сціраць трэба», – кажа сяльчанка.

Жыхары пасёлку кажуць, што праблемы ўзніклі пасля таго, як вёска пачала разрастацца, свідравіна перастала спраўляцца са сваймі функцыямі, вады на ўсіх стала не хапаць.

«Камунікацыі ўсе старыя, ціск вежа не вытрымлівае, сістэмы ірваліся часта. У мяне асабіста за зіму тры разы, рамантавалі за свой кошт, бо дом прыватызаваны», – адзначае Віктар Батрачэнка.

Мясцовыя чыноўнікі раяць людзям правільна карыстацца вадою…

«Каб не было парываў, трэба ўключаць паступова, пачынаючы з малога напору і паступова яго павялічваць», – раіць в.а. старшыні Кадзінскага сельскага выканкаму Ала Бельчанка.

«У вольны час цягаеш ваду». Чацвёрты год без водаправоду

Магілёўскяя ж чыноўнікі знайшлі іншае выйсце з сітуацыі.

«Мы прынялі рашэнне перадаць гэтыя сеці ў гарводаканал. Калі ён будзе эксплуатаваць сеці, ён пабачыць дзе і што мяняць і ці мяняць увогуле», – заяўляе начальнік аддзелу архітэктуры і будаўніцтва Магілёўскага райвыканкаму Уладзімір Ігнатаў.

Паўмесяца таму людзей прасілі да развязання праблемы пачакаць два тыдні. Цяпер ізноў просяць пачакаць – 14 дзён.

«Збяруць людзей, паабяцаюць. Дзень-два вада пабудзе, пасля ізноў няма вады», – кажа Віктар Батрачэнка.

Відаць, з чыноўнікамі як з нябеснай канцылярыяй: дажджу чакаеш, а будзе ён ці не – залежыць… ад нейкіх нябачных вышэйшых сілаў.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары