Назіральнік: яўка на некаторых участках складзе 120 %


22 % выбарнікаў ужо прагаласавалі датэрмінова. З такою дынамікаю яўка па выніках 9-га жніўня на пэўных участках перавысіць 100 % – кажа назіральнік Ігар Маслоўскі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына мяркуе, што альтэрнатыўны падлік галасоў у інтэрнэце скіраваны на масавыя беспарадкі.

Такой хвалі беларусаў, якія «не за Лукашэнку» сёлета не прагназаваў ніхто. Прыхільнікам пераменаў замінаюць сустракацца, звальняюць, затрымліваюць, штрафуюць і кідаюць на содні. Але гэта не спрацоўвае. Аляксандр Лукашэнка прыдумаў, як перамагчы апазіцыю:

«Калі я буду здаваць кроў, ты вазьмі маю плазму ўвядзі ўсім апазіцыянерам па кроплі. Самы просты шлях павярнуць іх у бок дзяржавы, у мой бок».

Крыві на ўсіх не хопіць. Таму выбары праходзяць паводле старога сцэнара. Згодна з інфармацыяй Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, у першыя тры дні прагаласавалі 22,47 % выбарнікаў, ці 1 536 180 чалавек з 6 836 585! Пры гэтым, кожнага дня яўка на ўчасткі расце з рэкорднай хуткасцю. Прадстаўнікі кампаніі «Сумленныя людзі» фіксуюць больш за тысячу парушэнняў выбарчага заканадаўства на дзень. Мікіта Карпаў з Горадні кажа:

«Мы назіраем цяпер завышэнне яўкі. Паводле прыкладу маіх сумежных участкаў учора, 6-га жніўня, яўка на адным была завышаная ў тры разы, а на другім участку – у два разы. Мы падаем скаргі кожны дзень, тэлефануем у ЦВК».

Нязменная старшыня ЦВК у сваім звароце да выбарнікаў выказала незадаволенасць працаю незалежнага назірання і асабліва онлайн-платформаю «Голас», дзе можна зарэгістравацца, каб пацвердзіць, за якога кандыдата вы галасавалі і такім чынам праверыць, ці былі фальсіфікацыі на пэўным участку.

«Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі. Ніякая іншая структура, нават калі яна падключаецца на апошнім этапе і спрабуе звесці галасы выбарнікаў, не з’яўляецца законнай. Гэты злачынны праект рэкламуе асоба, якая зʼяўляецца патэнцыйным гарантам Канстытуцыі – Святлана Ціханоўская», – сказала Лідзія Ярмошына.

Калі б адказныя за правядзенне выбараў асобы прытрымліваліся заканадаўства, не было б патрэбы правяраць камісіі і назіраць за галасаваннем – сыходзяцца ў меркаванні ўдзельнікі незалежнага назірання. Каардынатар кампаніі «Права выбару» па Берасцейскай вобласці Ігар Маслоўскі перасцерагае кіраўнікоў камісіяў:

«Цяжка зразумець уладу і камісіі, бо на гэтых выбарах і без таго (завышэння лічбаў – заўв. «Белсат») яўка будзе масавая. У выніку, паводле майго прагнозу, на некаторых участках яўка можа скласці 120 %».

Штораз пад час выбараў на датэрміновае галасаванне настойліва запрашалі студэнтаў, салдатаў тэрміновай службы, працаўнікоў дзяржаўных арганізацыяў і спартоўцаў. Сёння галасаваць гуртам меліся хакеісты менскага «Дынама». Пасля адмовы асвятляць гэтую падзею звольніліся двое адказных за гэта супрацоўнікаў клуба.

Учора ж «Жыве Беларусь!» скандавалі трыбуны пад час матчу «Шахцёр» – «Дынама» Брэст у Салігорску на стадыёне, дзе пару дзён таму ўлады сарвалі сустрэчу з кандыдаткаю Святланай Ціханоўскай! Меркавалася, што Святлана наведае сённяшні матч «Дынама» – «Смалявічы» у сталіцы… Але пасля інфармацыі пра такі намер матч перанеслі.

У шоў-бізнесе… шэраг спевакоў папераносілі, а некаторыя заявілі, што адмянілі арганізаваныя дзяржаваю канцэрты ў выбарчыя дні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»