Навучанне па-беларуску: лепш пачынаць з дзіцячага садка


Штогод першы званок гучыць больш як для сотні тысяч вучняў. Летась сярод іх не набралася і дзесяці адсоткаў тых, хто атрымлівае адукацыю па-беларуску. Найгоршая сітуацыя ў гарадах: там беларускамоўных школьнікаў у найлепшым выпадку 2 адсоткі.

Старшыня Таварыства беларускае мовы Алена Анісім тлумачыць гэтую сітуацыю адсутнасцю дзяржаўнае палітыкі для падтрымання нацыянальнае мовы:

«Наша сістэма адукацыі не рыхтуе спецыялістаў – педагогаў з беларускай мовай, і гэта ў першую чаргу спрыяе таму, што працэс навучання ў большасці школ Беларусі вядзецца на рускай мове, па-другое, у Беларусі няма сістэмы навучання ні ў сярэдне-спецыяльных навучальных установах, ні ў вышэйшых навучальных установах на беларускай мове».

Калі няма падтрымання нават на школьным узроўні, то шмат хто з бацькоў робіць выснову, што беларускамоўная школа не дае перавагаў для далейшай адукацыі і кар’еры. Іншыя баяцца, што дзіця будзе блытацца ў навучанні і камунікацыі з аднагодкамі.

Апытаныя намі менчукі мяркуюць: каб у школах загучала беларуская мова, трэба, каб спачатку на ёй загаварыў народ:

«Патрэбны асабісты прыклад, калі выкладчыкі і бацькі ў сям’і размаўляюць па-беларуску».

«Трэба, каб чалавек хацеў размаўляць на беларускай мове».

«Зацікавіць, зацікавіць беларускаю мовай, хаця я сам размаўляю па-расейску, але вельмі сорамна».

Наталлю Святкіну, сын якой вучыцца ў 4-м класе беларускамоўнай гімназіі № 23, цяжкасці ў арганізацыі навучання па-беларуску не палохаюць:

«Зусім не складана вучыцца ў беларускамоўнай школе. Я па сваім сыне адзначыла, што дзеці, якія ведаюць дзве мовы, яны лепей вучацца дакладна ў дзвюх мовах, лепей разбіраюцца, больш пісьменныя».

Там, дзе не дае рады дзяржава, часам выручае грамадзянская супольнасць. Напрыклад, кіраўнік ініцыятывы «Вір-Вір» Яўген Бойка актыўна беларусізуе дзіцячыя садкі, а неўзабаве, як ягоныя дзеткі падрастуць, абяцае ўзяцца за школы:

«Мы ствараем сучасныя адукацыйныя матэрыялы… Сутнасць нашай інавацыі ў тым, што дзеці – гэта не аб’ект, а таксама суб’ект навучання, што не трэба вучыць дзяцей, а трэба стварыць умовы, у якіх яны пачынаюць вучыцца».

Яўген прапануе шлях паступовай беларусізацыі існых садкоў праз сучасныя адукацыйныя прадукты як больш рэалістычны.

Стварэнне беларускамоўнага класу ці групы – заданне няпростае. Давядзецца пісаць заяву на імя кіраўніка навучальнай установы, шукаць бацькоў-аднадумцаў, але нават гэта нічога не гарантуе, бо ўсё ўпіраецца ў магчымасці навучальнай установы. Трэба памятаць, што Канстытуцыя – на баку беларускамоўных бацькоў, і шмат што залежыць ад іхнай актыўнай пазіцыі.

Арцём Лява, belsat.eu