Аб'ектыў 27.11.2018 Навошта ў гістарычным цэнтры Віцебску патрэбны новы Палац шлюбу?


У Віцебску налета плануюць паставіць Палац шлюбу. Нічога дзіўнага. Але супраць будаўніцтва выступаюць гісторыкі да актывісты. Рэч у тым, што з’явіцца Палац мае ў гістарычным цэнтры гораду. Тэрыторыя ж былога Ніжняга замку – ахоўная гісторыка-культурная зона.

«Раскопак там было мала. Перш чым праводзіць нейкія будоўлі і нават іх планаванне, трэба як след вывучыць археалагічна», – кажа архітэктар Ігар Радзько.

Планы аб будаўніцтве Палацу шлюбу віцебскія ўлады агучылі яшчэ летась. Мясцовыя актывісты тады ўзнялі пытанне пра законнасць будаўніцтва ў месцы, дзе дазваляецца толькі рэканструкцыя аб’ектаў.

«У планах 2017 года гэты будынак быў пад нумарам 1. Грамадскасць тады абурылася. Ад імя Партыі БНФ накіроўвалі запыт у пракуратуру: навошта нам гэты Палац? Гэта не самая патрэбная ўстанова для гораду», – каментуе грамадская актывістка Таццяна Севярынец.

Законнасць дзеянняў кіраўніцтва гораду праверыць не атрымалася. Бо пракуратура перадаслала запыт у гарвыканкам, на які актывісты фактычна і скардзіліся. Разбор тады скончыўся чарговымі адпіскамі чыноўнікаў. Няўжо Віцебску апроч ЗАГСаў патрэбная асобная ўстанова для рэгістрацыі шлюбаў?

«Я думаю, што цяпер няма неабходнасці будаваць палац такі. Асабліва для нашага гораду Віцебску».

«Не думаю, што ён ужо так неабходны. Ёсць больш патрэбныя пабудовы. Напрыклад, не хапае дзіцячых садкоў».

«Усё трэба, і дзіцячыя садкі, і школы, і лякарні. Але і Палац шлюбу таксама хіба патрэбны».

На тэрыторыі, адведзенай для Палацу шлюбу, засталіся падмуркі касцёлу і кляштару дамініканаў, якія могуць знікнуць у выніку будоўлі. Каб не дапусціць гэтага, актывісты працягваюць скардзіцца ў розныя інстанцыі.

Міхась Ільін, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары