Навошта Сяргей Нарышкін прылятаў у Менск?


Аляксандр Лукашэнка сёння прымаў чарговага госця з усходу – дырэктара СВР – Службы знешняй выведкі. Сяргей Нарышкін і Лукашэнка заявілі пра паглыбленне супрацы спецслужбаў Беларусі і Расеі. Эксперты бачаць у дзейнасці расейскіх спец-чыноўнікаў паглыбленне пагрозы суверэнітэту Беларусі.

Хлеб, соль, Церцель і Вакульчык сустракалі ў Менску дырэктара Службы знешняй выведкі Расеі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў да Лукашэнкі прылятаў дырэктар ФСБ Мікалай Патрушаў, міністр абароны Сяргей Шайгу, прэм‘ер-міністр Міхаіл Мішусцін, і вось – Сяргей Нарышкін, кіраўнік самай спецыяльнай з выведак.

«У гэтым свеце, шалёным свеце, які асабліва ашалеў ад гэтай пандэміі і гэтак далей, сяброў у нас няшмат, будзем гаварыць шчыра. Ва ўсіх інтарэс да нас – да Расеі, Беларусі. Мы павінны рэагаваць. Таму, думаю, мы шмат аб чым дамовімся – аб сумеснай рабоце на карысць нашых народаў», – запэўніў Нарышкіна Лукашэнка.

У Крамлі сустрэчу дырэктара СВР з Лукашэнкам просяць не звязваць з паслявыбарчымі пратэстамі. Але менавіта сёння, у гарачы для КДБ час, у Менску прайшла супольная калегія спецслужбоўцаў з удзелам Нарышкіна.

«Спецслужбы могуць зрабіць яшчэ шмат і шмат, каб забяспечыць інтарэсы нашых грамадзянаў, і нашых грамадзянаў абараніць ад пагрозаў, якія перыядычна ўзнікаюць», – адказаў Лукашэнку дырэктар СВР.

Менавіта Нарышкін раней заяўляў, што Злучаныя Штаты ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Беларусі, а ворагі рыхтуюць рэзанансную правакацыю: арышт, раненне ці нават забойства аўтарытэтнага беларускага каталіцкага святара, каб каталікі яшчэ мацней пратэставалі супраць Лукашэнкі.

«Расейскія спецслужбы падключыліся да ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, хочуць актыўна граць ролю. З аднаго боку, гэта традыцыйныя разводкі, метадычкі КДБ», – мяркуе расейскі палітолаг Кірыл Рогаў.

Сённяшняя супольная калегія спецслужбаў Крамля і Аляксандра Лукашэнкі сведчыць пра далейшую інтэграцыю з Расеяй у стратэгічнай сферы і сферы бяспекі, кажа палітолаг Павел Усаў. Эксперт нагадвае пра дамову між міністэрствамі ўнутраных справаў аб магчымым прыцягненні Расгвардыі да разгону пратэстаў у Беларусі і прадказвае больш шчыльную супрацу войскаў.

«Гэта абкарнанне, абцінанне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь у сферы бяспекі. Калі краіна не адказвае сама за важныя пытанні бяспекі, і гэта пераходзіць у дзеянні знешняй выведкі Расеі, то можна казаць пра страту суверэнітэту», – перакананы беларускі палітолаг.

«Крамлю было выгаднае некаторае аслабленне Лукашэнкі падчас апошніх выбараў, але крызіс пераўзыйшоў маштабы чаканага, і паказаў яшчэ адну праблему ў дачыненнях Крамля і Беларусі», – кажа Кірыл Рогаў.

А менавіта – рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, асэнсаванне сябе як жыхароў незалежнай дзяржавы Усходняй Еўропы, мяркуе расейскі палітолаг. Хаця рана казаць пра большасць насельніцтва.

Вось што мяркуюць пра інтэграцыйныя саступкі Лукашэнкі жыхары і госці Віцебску:

«Я б быў задаволены, калі б расейская вайсковая частка стаяла на мяжы разам з беларускай і абараняла нашыя межы».

«Аб‘ядноўвацца ні ў якім выпадку, але больш шырокая інтэграцыя – я абедзвюма рукамі».

«Я не думаю, што Беларусь патрэбная Расеі, як частка яе. Толькі як ядравы шчыт, як палігон, прыкрываць ад Амерыкі, ёй нявыгадна, што тут улада зменіцца».

«Трэба, каб Беларусь падтрымлівала Еўропа. Я не кажу пра Еўразвяз і так далей, проста грашовая падтрымка з Еўропы. А з Расеі толькі кепская падтрымка будзе».

Пасля выбараў і жорсткага задушэння пратэстаў актывізаваліся прарасейскія сілы. Рыхтуецца стварэнне партыі «Союз», якая будзе прасоўваць поўную інтэграцыю з Расеяй. І менавіта «рускамірцы» прапаноўваюць унесці ў Канстытуцыю паходжанне Беларусі як дзяржавы менавіта са старажытнай Русі – без гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, замацаваць у асноўным законе Саюзную дзяржаву з Расеяй, сяброўства ў АДКБ і Еўразійскім Саюзе, ды прыбраць з Канстытуцыі бяз’ядравы і нейтральны статус Беларусі.

«Калі ўсё гэта будзе ўпісана ў Канстытуцыю менавіта з падачы расейскага свету ў Беларусі, то гэта будзе азначаць, што Канстытуцыя будзе прынятая паводле расейскага праекту, і будзе сведчыць пра разбурэнне дзяржаўнасці Беларусі», – падкрэслівае Павел Усаў.

Палітолаг звяртае ўвагу, што Масква паслядоўна прасоўвае ідэю змены Канстытуцыі замест змены кіраўніцтва Беларусі, хоць і кажа, што гэта ініцыятыва Лукашэнкі.

«Прапанова Аляксандра Лукашэнкі аб канстытуцыйнай рэформе – гэта адзін з адказаў на гэтыя пратэставыя акцыі», – заявіў сёння ў Менску Сяргей Нарышкін.

Сёння ж суддзя Канстытуцыйнага суда Аляксандр Марыскін заявіў, што для прыняцця новай Канстытуцыі нават рэферэндуму не трэба. Гэта справа парламенту і прэзідэнта, якім шляхам ісці далей.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»