Навошта Лукашэнка паабяцаў рэферэндум па акумулятарным заводзе ў Берасці

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з праціўнікамі акумулятарнага заводу ў Берасці паабяцаў рэферэндум пра закрыццё заводу «АйПаўэр» – але пасля выбараў.

Лукашэнка: «Усё! Замазалася берасцейская апазіцыя за ўладу! Дзякуй!»

Берасцеец: «Мы, можа, скажам, што вас перацягнулі».

Лукашэнка: «А мяне не трэба перацягваць, вы і так мае!»

Вось так – сумеснымі фота на памяць – скончылася напярэдадні сустрэча кіраўніка дзяржавы з жыхарамі ды актывістамі Берасця. Лёс акумулятарнага заводу Аляксандр Лукашэнка паабяцаў вызначыць на мясцовым рэферэндуме – штопраўда, пасля выбараў.

«Вы супакойцеся, калі ў вас ёсць нейкія праблемы – вы іх раскажыце. Паслухайце, акрамя мяне іх ніхто не вырашыць, і той улады, якая сёння ёсць. Гэта вы «Саша 3 %» ужо напісалі на майках. Ды вы хоць верыце, што ў дзейнага прэзідэнта 3 %? Ды вось у гэтай альтэрнатыўнай кампаніі я і тое больш за тры набяру», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод удзельнікаў сустрэчы быў мясцовы актывіст Дзмітрый Бекалюк, які няспынна змагаецца супраць заводу: і акцыямі пратэсту, і зваротамі да чыноўнікаў.

«Пасыл пасля гэтай сустрэчы такі: завод не зачынены, будучыня яго няясная. Плошчу ніхто не адмяняў. Я не спыню свайго пратэстнага руху, пакуль на заводзе не будзе вісець замок», – кажа праціўнік акумулятарнага заводу Дзмітрый Бекалюк.

Добрым вынікам Бекалюк называе факт, што з пратэстоўцамі супраць акумулятарнага заводу лічацца. Праваабаронца Раман Кісляк гэтаксама адзначае: людзей урэшце – за два гады пратэстаў – пачулі.

«Я спадзяюся, што ўлады выканаюць сваё абяцанне. Але тым не менш мы настойваем на тым, што яшчэ да заканчэння выбараў, да меркаванага рэферэндуму мы павінны зачыніць гэты завод. Для мяне відавочна, што большасць берасцейцаў супраць гэтага заводу», – гаворыць праваабаронца Раман Кісляк.

На думку аналітыка Кацярыны Шмацінай, нават калі рэферэндум аб заводзе адбудзецца, галоўнае пытанне – наколькі празрыста будуць падлічаныя галасы.

«Калі вынікі будуць сфальсіфікаваныя, то правядзенне рэферэндуму паставіць своеасаблівую кропку ў разборках і пратэстах вакол гэтага заводу, то бок гэта будзе яшчэ адзін аргумент улады – народнае меркаванне насамрэч такое, а пратэстуе незадаволеная апазіцыя, якую нехта выкарыстоўвае», – кажа аналітык BISS Кацярына Шмаціна.

«Як бы дзяржаўныя СМІ не распіярвалі, што гэта была сустрэча з апазіцыянерамі і Аляксандр Рыгоравіч усіх угаварыў, – не. Гэта была сустрэча з простымі людзьмі, якія выступаюць за чыстую будучыню сваіх дзяцей. Зямлю гэтую нельга труціць», – гаворыць Дзмітрый Бекалюк.

Экалагічны прыхільнік – так назваў сябе Лукашэнка – прыйшоў на сустрэчу з гатовым рашэннем, каб адсекчы дадатковыя пытанні, у тым ліку і пра рэпрэсіі, упэўнены Раман Кісляк. Актывістаў, якія выступаюць супраць акумулятарнага заводу, за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах неаднаразова штрафавалі ды арыштоўвалі. Пераслед працягваецца і цяпер.

«Нашыя людзі сядзяць у ІЧУ цяпер, працягваюцца суды над намі, ідзе абскарджанне. Заўтра – паслязаўтра ў Берасцейскім абласным судзе будуць разглядацца скаргі. Таксама іншыя рэпрэсіі. Людзей ціснуць праз родных, разбураюць бізнес», – кажа Раман Кісляк.

Аляксандр Лукашэнка і раней публічна абяцаў разабрацца з сітуацыяй вакол заводу, аднак пасля тых абяцанняў прадпрыемства практычна і распачало працу. На думку Кацярыны Шмацінай, цяперашняя сустрэча з актывістамі ў Берасці – гэта ўсяго частка выбарчай кампаніі дзейнага кіраўніка краіны.

«Паказаць электарату па ўсёй краіне, што прэзідэнт бачыць канкрэтныя лакальныя праблемы ды імкнецца іх вырашаць. Гэты візіт у Берасце вакол гэтай праблемы – спроба апеляваць да электарату па ўсёй краіне і разлік на падвышэнне свайго рэйтынгу», – гаворыць Кацярына Шмаціна.

Патэнцыйна шкоднае прадпрыемства месціцца за чатыры кіламетры ад Берасця. Адзін з ягоных уладальнікаў з канца траўня – трэнер каманды Лукашэнкі. Несанкцыянаваныя акцыі супраць акумулятарнага заводу кампаніі «АйПаўэр» адбываюцца ў горадзе кожную нядзелю з лютага 2018 года. За гэты час яны нават атрымалі ўмоўную назву – кармленне галубоў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама