Навошта беларускія вайскоўцы бяруцца за новы план абароны краіны?


Беларускія вайскоўцы рыхтуюцца да надзвычай напружанага ды насычанага году. Да прыкладу, Генштаб мае намер кардынальна перагледзець план абароны нашае краіны, які будзе распрацаваны сумесна з дзяржаўнымі органамі. З чым звязаная новая вайсковая стратэгія ды ад каго Беларусь плануе абараняцца?

Беларусы – мірныя людзі, але порах трэба трымаць сухім. Неаднойчы за апошні час Лукашэнка, кіраўнік Беларусі і галоўнакамандуючы, агучваў у адным сказе гэтыя супрацьлеглыя тэзісы. Цягам апошніх гадоў увага да ўнутранай бяспекі расце.

«Мне падаецца, што змены выкліканыя, галоўным чынам, падзеямі ва Украіне. Гэта і анексія Крыму, і канфлікт на Данбасе», – кажа Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік.

І гэты канфлікт закрануў, бадай, увесь рэгіён. Перафарматоўваюць і змяняюць свае планы наконт абароны і нашыя суседзі. Гэтак, Варшава анансуе цягам бліжэйшых гадоў істотныя карэктаванні ў арміі ды ў планах абароны. На ўсходзе Польшчы неўзабаве з’явіцца новая дывізія.

«Польша мусіць быць гатовая да найгоршага сцэнара – то бок класічнага вайсковага канфлікту з ужываннем вялікай колькасці танкаў і артылерыі. Але таксама гэтая чацвёртая дывізія мусіць быць у стане адказаць на ўсе пагрозы меншага ўзроўню: баевікоў, нейкі гібрыдны канфлікт», – адзначае Анджэй Гладый, аналітык парталу «Defence24.pl».

Вайсковыя аглядальнікі адзначаюць, што сучасная вайна пачынаецца не з наўпроставага нападу, а з гібрыдных аперацыяў. Таму вайсковая дактрына нашай краіны, прынятая ў 2016 годзе, прадугледжвае не столькі замежную агрэсію і адказ на яе, колькі патрабуе аналізу такіх момантаў, як зніжэнне коштаў на нафту ў свеце, а таксама каляровых рэвалюцыяў.

«Кіраўніцтва краіны лічыць, што калі і пачнецца вайна, то гэта будзе гібрыдная вайна. Не будзе нечаканага вайсковага вонкавага нападзення, а пачнецца з нейкага аналагу Памаранчавай рэвалюцыі», – адзначае Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік.

Да гэтага і рыхтуюцца айчынныя вайскоўцы: дзеянні ў гарадскіх умовах, мадэрнізацыя мабільных сілаў хуткага рэагавання. Яшчэ адзін і ці не галоўны чыннік, які ўплывае на развіццё арміі, – супрацьстаянне паміж NATO і Расеяй. Тут Беларусь апынулася нібы паміж молатам і кавадлам.

«Дамовы аб саюзнай дзяржаве проста абавязваюць Беларусь праводзіць з Расеяй адзіную замежную палітыку, абарончую палітыку, і тут мы ўжо аніяк не адкруцімся. Тым больш што такія крокі зробленыя раней», – кажа Ягор Лебядок, вайсковы эксперт.

Таму ўслед за Расеяй і Беларусь пачынае больш увагі надаваць арміі, фінансаванню ў тым ліку. Гэтак, налета на ўзброеныя сілы збіраюцца выдаткаваць з бюджэту краіны паўтара мільярда рублёў – на чатырыста тысячаў болей, чымся ў гэтым годзе. Адначасова на адукацыю ці на ахову здароўя пойдзе толькі па адным мільярдзе рублёў.

Сяргей Скулавец, belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM