Навошта Беларусі АДКБ?


Увесь год Беларусь старшынствавала ў АДКБ. Каб падвесці вынікі, а таксама абмеркаваць абстаноўку ў свеце і далейшае развіццё структуры бяспекі, у Менску на саміт сабраліся ўсе шэсць прэзідэнтаў краінаў-удзельніц. Кіраўнік Беларусі запэўніў, што сустрэча прайшла ў канструктыўным і адкрытым ключы. Аднак ваенныя і палітычныя эксперты падкрэсліваюць, што ў арганізацыі дастаткова праблемаў, а ў краінаў чальцоў – рознае бачанне сябе ў геапалітыцы.

Пуцін, Назарбаеў, Рахмон, Саргсьян і нядаўна абраны Жээнбекаў: пяцёх прэзідэнтаў краін-чальцоў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы сустракаў сёння ў Менску Аляксандр Лукашэнка.

Сярод галоўных тэмаў на парадку сустрэчы – інфармацыйная бяспека і супольная барацьба з тэрарызмам. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі падкрэслівае, што апошняя праблема больш датычыць Цэнтральнай Азіі ды ад Беларусі далёкая. І дадае, што ў цэлым АДКБ – гэта гульня паводле правілаў Масквы. А Лукашэнка пазірае і ў другі бок.

«Сёння Менск, аж са скуры вылузваецца, каб выглядаць міратворцам. І Хельсінкі-2 мы тут запусцім, і на Украіну кантынгент міратворчы, калі трэба накіруем, але ж роля аднаго з чальцоў АДКБ і роля міратворцаў, гэта сядзець на двух крэслах», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Эксперт падкрэслівае, што гістарычна Беларусь рабіла спробы захаваць ваенную нейтральнасць у рэгіёне, аднак Дамову аб калектыўнай бяспецы Менск падпісаў. Урэсьце, перспектыва таннага пераўзбраення з дапамогай арганізацыі выглядала прывабна.

«Беларусь разлічвала, што ўдзел у АДКБ дапаможа ёй танна пераўзброіць сваё войска, але так не атрымліваецца. Можа быць, па стратэгічных меркаваннях, можа быць, па меркаваннях эканамічным, Расея не спяшаецца пераўзбройваць Беларусь, асабліва танна», – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Таму закупляюць узбраенне, якое ўжо было ў выкарыстанні. У прыватнасці, у гэтым годзе Міністэрства абароны анансавала, бадай, самую маштабную кампанію пераўзбраення: былі замоўленыя і цягам бліжэйшых некалькіх гадоў будуць дастаўленыя 12 знішчальнікаў Су-30-эС-эМ, чарговая батарэя зенітна-ракетнага комплексу «Тор-М2», дзве радыёлакацыйныя станцыі і тры комплексы радыёманіторынгу. Пры гэтым Менск гэтак і не дамогся ад Расеі ракетных комплексаў «Іскандэр-Э» або С-400. Давялося ў партнёрстве з Кітаем зрабіць свой комплекс – «Паланэз».

Але няскладнасці інтэграцыйным працэсам надае ня толькі ваенная няўзгодненасць, але і агульны тон дачыненняў апошняга часу.

Такія думкі нярэдка гучаць на расейскіх дзяржаўных каналах як наўпрост ад гасцей, гэтак і ўскосна ад вядоўцаў. Ці вядзе Расея нягучную, але паслядоўную інфармацыйную кампанію супраць Беларусі? Аляксандр Класкоўскі нагадвае пра запушчаную ў пачатку вучэнняў «Захад-2017» «качку», быццам расейскія танкі паднятыя па трывозе і скіроўваюцца ў бок Беларусі.

«І беларускае Міністэрства абароны, яно пыкала-мыкала і нічога гэтак і не змагло адказаць. Зноў жа мы на гэтым прыкладзе бачым, што вось гэтае братэрства па зброі, яно насамрэч фальшывае, а даверу паміж хаўруснікамі няма», – адзначае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Няма даверу, але ёсць крыўды і падазронасць. Калі паліўны канфлікт удалося загасіць у пачатку гэтага года, то харчовая вайна паміж айчыннымі прадпрыемствамі і «Рассельгаснаглядам» працягваецца.

Таццяна Рэут, «Белсат»