«Нават марсіянаў дзяржава не пакарае за змаганне за незалежнасць». Ціснуць на актывіста з Ліды


Наведаць РУУС гораду Ліды давялося Іллі Шаблінскаму. Запрасілі маладзёна напярэдадні выходных, на якія намячаліся чарговыя акцыі пратэстаў за незалежнасць краіны. Міліцыянты хацелі, каб сёння ж адбыўся суд супраць Іллі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Але суддзя вызначыла іншы тэрмін.

Ліда. Святочная елка ў цэнтры гораду. Пад ёю не толькі святкаванні, але і пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй.

22 снежня маладзён Ілля Шаблінскі са знаёмымі стаяў тут з плакатам «Беларусь гэта не Расея». Сёння пайшоў на гутарку ў міліцыю:

«Абяцалі па-максімуме даць 30 базавых велічыняў штрафу і на 15 содняў арышту забраць. Яшчэ намагаліся знайсці арганізатара і пагражалі, што той атрымае 2-3 гады, і пыталіся, хто са мною быў, бо на здымку толькі я».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Імёнаў не назваў, атрымаў копію пратакола за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Шаблінскі быў адзіным поўнагадовым удзельнікам акцыі. Да іншых пакуль не дабраліся.

Стрымаць хвалю, то бок правесці работу з вучнямі, наказалі настаўнікам. Такую выснову робім з паведамленняў у чаце лідскай гімназіі № 1:

«Ёсць звесткі ад уладаў, што навучэнцы гімназіі восьмых і старэйшых класаў абмяркоўваюць пытанні інтэграцыі з Расеяй (у апазіцыйным плане), і нехта з нашых быў на несанкцыянаваным мітынгу 22 снежня. Сёння а 18.00 зноў плануецца мітынг каля елкі. Калі дзеці там будуць, сапсуюць сабе біяграфію 100 %».

Так напісала настаўніца да дзяцей, а потым і да бацькоў, перасцерагаючы ад удзелу ў планаваных праз Інтэрнэт на выходныя чарговых мітынгаў. Праваабаронца з Горадні Віктар Сазонаў, кажа:

«У невялічкіх гарадах міліцыя найхутчэй рэагуе на галасы грамадзянскай супольнасці. Гэта вельмі дзіўная сітуацыя, калі дзяржава праз свае інстытуты карае тых, хто за яе змагаецца. Няма на свеце аніводнага паляка, расейца, кітайца, эфіопа ці марсіяніна, якога ягоная дзяржава пакарала б за тое, што ён змагаецца за яе незалежнасць».

«Белсату» гатовасць пратэставаць выказала траціна апытаных у Лідзе, і амаль усе супраць зліцця з Расеяй:

«Пад Расеяй мы ўжо былі, навошта 2 разы наступаць на тыя ж граблі?»

«Хочацца жыць у незалежнай краіне, каб была свая мова».

«Яны нас падамнуць, і Беларусі як краіны не стане».

«У нас мае быць свая краіна».

Пасля акцыі 22 снежня ў закладніках міліцыі застаецца мабільны тэлефон Іллі Шаблінскага:

«Да суда там меліся шукаць кантактаў іншых удзельнікаў. Яны казалі, што суд будзе праз тыдзень, можа 30 снежня. Гэтак абяцалі».

Паводле графіку суддзі, працэс над Іллём адбудзецца 4 студзеня наступнага года.

Юлія Цяльпук belsat.eu