«Натуральна, што ідзе пах, бо памёт так сьмярдзіць»


Невыносны смурод даносіцца з палёў ля вёскі Чарцяж у Менскім раёне, куды мясцовая птушкафабрыка вывезла адкіды вытворчасці разам з памётам. Эколагі занепакоеныя тым, што такое абыходжанне з адкідамі можа прывесці да экалагічных і эпідэмічных наступстваў.

Паводле жыхароў садовага таварыства «Пралеска-10», што ля вёскі Чарцяж, адкіды вывозіліся на поле за некалькі этапаў месяц ці два таму. І ў першыя дні людзі задыхаліся ад смуроду. Цяпер жа пах не такі едкі і залежыць ад кірунку ветру.

«Вецер адтуль падзьмуў і быў пах гною моцны. А пасля мы даведаліся, што яны там на поле ўсё паскідалі. Сам я там не быў, праўда».

«Яны перыядычна прывозяць гэтыя кучы, напэўна, раскідаюць, затым наступныя. Тут жа недалёка птушкафабрыка, гэта адкіды з птушкафабрыкі. Яны ў цэлым карысныя для палёў, а нам крыху пахне часам».

Поле, на якое вывезлі памёт і адкіды жывёльнага паходжання, належыць 1 Менскай птушкафабрыцы, што ў вёсцы Бальшавік, – за 10 кіламетраў ад вёскі Чарцяж. Перʼевыя ачысткі з птушак і шкарлупінне яек у памёце на прадпрыемстве патлумачылі звыклаю практыкаю вядзення гаспадаркі.

«Скажам так, птушка перманентна ліняе, перыядычна ліняе, у птушніку заўжды пяро прысутнічае. Таму пяро ў памёце заўжды будзе. Шкарлупінне таксама заўжды будзе прысутнічаць. Шкарлупінне – гэта не адкід, гэта чысты кальцый», – тлумачыць першы намеснік дырэктара птушкафабрыкі Аляксандр Калодзіч.

Эколагі ж бачаць у дзеяннях птушкафабрыкі парушэнне. На думку адмыслоўцаў, рэшткаў жывёльнага паходжання ў памёце не мусіць быць, вывозіць на палі адкіды трэба не канцэнтраванымі кучамі, а размяркоўваць па ўсёй плошчы.

«Найперш размяшчэнне адкідаў жывёлінаў уплывае на бактэрыялагічнае забруджванне. Гэта можа быць выбух інфекцыйнага захворвання, што распаўсюджваецца і на глебу, і ў тым ліку на падземныя воды. Але гэта, вядома, залежыць ад колькасці размяшчальных адкідаў. Можа быць, і ніякай не нанесена шкоды, калі гэта невялікая колькасць адкідаў і яны не заражаныя», – кажа супрацоўніца Цэнтру экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык.

Паводле мясцовых жыхароў, з праблемай яны звярталіся ў Бараўлянскі сельскі савет, але вынікаў гэта не прынесла. Юрысты грамадскага абʼяднання «Экадом» раяць пісьмова звярнуцца ў раённыя цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ды ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія павінныя выехаць на месца ды ўстанавіць факт парушэння, калі ён ёсць.

«Неабходна ім зараз самім сфатаграфаваць, дзеля таго, каб пакуль указаныя дзяржаўныя органы адрэагуюць, у таго, хто вывозіць гэтыя адкіды, не было магчымасці ўсё гэта прыбраць», – зазначае юрыстка «Экадому» Таццяна Сініца.

На прадпрыемстве абяцаюць, што праз два–тры тыдні поле перааруць і наступныя пяць гадоў вывозіць на яго памёт не будуць. А ад смуроду, які цяпер адчуваюць жыхары найбліжэйшых вёсак, пазбавіцца нельга, бо так пахне арганіка. Таму людзей заклікаюць патрываць.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»