Нацыянальны стадыён за кітайскія грошы


У Менску адбылася прэзентацыя праектаў Нацыянальнага футбольнага стадыёну і сучаснага басейну, якія, паводле плану, з’явяцца ў сталіцы ўжо праз тры гады. Аб’екты будуць узводзіць падраднікі з Кітаю і ні капейкі з беларускага бюджэту на іх, нібыта, вытрачана не будзе.

Ствараць стадыён узялася Пекінская гарадская будаўнічая карпарацыя, якая ўзводзіла ў тым ліку галоўную арэну Алімпійскіх гульняў 2008 года – «Птушынае гняздо». Паводле першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова, на менскі стадыён, а таксама на басейн каля станцыі метро «Маладзёжная» Паднябесная сумарна патраціць 240 мільёнаў долараў. Раней называлі меншую лічбу – 180 мільёнаў.

Для Кітаю будаўніцтва спартовых аб’ектаў за мяжою ў абмен на нейкія прэферэнцыі – распаўсюджаная практыка. У прыватнасці, Паднябесная зрабіла падобныя падарункі афрыканскім дзяржавам.

«У Беларусі нават яшчэ горш, чым у Афрыцы, бо тады яны перш за ўсё зрабілі нейкую будову, а ўжо потым атрымалі доступ да рынку. А ў нашым выпадку яны ўжо выкарыстоўваюць Беларусь, даюць нам звязаныя крэдыты, будуюць тыя прадпрыемствы, якія не працуюць», – зазначае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Найбольш яскравыя прыклады кітайскіх праектаў у Беларусі – завод Geely ды індустрыйны парк «Вялікі камень». Аднак былі і правалы. Светлагорскі завод сульфатнай цэлюлозы беларускі бок дабудоўваў самастойна, бо кітайцы не ўклаліся ў вызначаны тэрмін. Давялося адмовіцца ад паслугаў падрадніка з Паднябеснай і на будоўлі папяровай фабрыкі ў Добрушы.

«Калі кітайцы нешта хочуць зрабіць, яны, як ва Ўу-Хані, могуць за два тыдні збудаваць сучасную бальніцу. А калі ў Беларусі яны за тры гады не змогуць збудаваць стадыён, якіх яны шмат будуюць у сябе, гэта будзе 100-адсоткавае «кідалава» Беларусі», – працягвае Раманчук.

Ці мае краіна патрэбу ў чарговай спартовай арэне ў эканамічна няпросты час? Пагатоў не так даўно скончылася рэканструкцыя менскага стадыёну «Дынама», а яшчэ раней з’явілася сучасная «Барысаў-Арэна». Абедзве запаўняюцца пад завязку досыць рэдка.

«Мы, пэўна, адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе няма свайго нацыянальнага футбольнага стадыёну. Па-другое, ён, на маю думку, будзе запаўняцца прынамсі на палову ці на дзве траціны, бо адыгрывае сваю ролю лагістыка. У Барысаве добры стадыён, але дабірацца да яго не надта зручна», – кажа спартовы журналіст Дзмітрый Руто.

Пакуль актыўныя будаўнічыя працы на месцы будучай арэны яшчэ не распачатыя. Хаця раз-пораз праязджаюць самотныя бульдозеры ды ходзяць паасобныя будаўнікі.

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»