Настаўнікі супраць гвалту


Познім вечарам – пасля працы – беларускія настаўнікі запісваюць відэазварот. Здзіўляе, што тут пераважна педагогі дзяржаўных школаў.

«Тры-чатыры! Спыніце гвалт, беззаконне, хлусню. На гэтым не будуецца будучыня!»

На заклік паўдзельнічаць у запісе адгукнуліся каля шасцідзесяці настаўнікаў з розных сталічных школаў. Запісвацца прыехалі больш за трыццаць, але не ўсе трапілі ў студыю.

«Нас суправаджалі да нашага месца здымак адзін міліцыянт і некалькі людзей у цывільным. Некалькі людзей з нашай групы забаяліся і пастанавілі не прыходзіць сёння», – тлумачыць настаўнік і арганізатар запісу звароту Вадзім Кручкоў.

Настаўнікі, з якімі мы пагутарылі, кажуць, што да рэпрэсіяў гатовыя, але адстойваць сваю пазіцыю збіраюцца, нягледзячы на запужванне ды ціск.

«Сярод маіх калегаў вельмі шмат годных, сумленных, справядлівых. І калі праз нейкую маленькую частку людзей, якія паступіліся сваім гонарам і сумленнем, кідаюць камяні ва ўсіх, я не магу маўчаць», – дзеліцца Аляксандра Шастакова, педагог дадатковай адукацыі.

«Ад уладаў на самай справе чакаць чагосьці было б вельмі рамантызаваным успрыманнем. Мы чакаем ад грамадства. Каб грамадства перастала стыгматызаваць настаўніка. Каб грамадства зразумела, што настаўнік – гэта не той, хто фальсіфікуе, не той, хто за гвалт», – кажа Вадзім Кручкоў.

«Як настаўнік у першую чаргу – каб не было ідэалагічнага ціску на школу, каб не прымушалі дзяцей ды іхных бацькоў рабіць тое, што ім не трэба. Каб з настаўнікаў знялі ўсе гэтыя суботнікі, непатрэбныя падпіскі, каб мы не баяліся сказаць праўду, каб не баяліся па вуліцы ісці», – лічыць настаўнік беларускай мовы Аляксей Мінаў.

Некаторыя з настаўнікаў бяруць удзел у страйку. Яны застаюцца на ўроках, але не вядуць іх.

«Вучні зразумелі мяне. Яны сказалі: «Мы тады таксама будзем страйкаваць». І ўсё, прасядзелі гэтак цэлы ўрок», – расказвае Дар’я Давідовіч, настаўніца ангельскае мовы.

Падтрымала калегу і настаўніца гісторыі Раіса Матусевіч:

«Я напісала заяву, прынесла дырэктару ў двух экзэмплярах. Ён адмовіўся падпісаць, што ён азнаёмлены з гэтым, для яго гэта толькі паперкі. Але разам з тым на апошнія два ўрокі мне ўжо дзяцей не далі».

Усе настаўнікі, з якімі мы пагутарылі, адзначаюць, што настроі ў школах змяніліся, педагогі абмяркоўваюць тое, што адбываецца ў краіне, але казаць адкрыта пакуль што гатовы не шмат хто. Адзначаюць педагогі і падтрыманне грамадскасці ды нават бацькоў вучняў.

Падтрымалі сваіх настаўнікаў і выпускнікі сталічнае гімназіі № 50. Педагогі ўстановы два дні таму запісалі відэазварот, у якім выступілі супраць гвалту і беззаконня. Але пакуль што адкрыта да грамадскасці звяртаюцца толькі сталічныя настаўнікі.

«Вам цяпер няпроста. Няпроста і нам таксама. Выбар быць свабоднымі яшчэ ніколі не быў гэткім складаным».

Алена Дубовік, «Белсат»