Напярэдадні Вялікадня: падрыхтоўка да святкавання Уваскрашэння збаўцы




Велікодныя службы пачнуцца ў капліцах парафіяў Святых апосталаў Пятра і Паўла і Святога Эжэна дэ Мазэно (вул. Кальцова, 153), Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (вул. Лабанка, 102).

Кіраўнік Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал узначаліць велікоднае набажэнства ў Свята-Духавым кафедральным саборы на плошчы Свабоды.  

Заканчваецца велікодны тыдзень. Сёння ў хрысціянаў Вялікая субота, дзень цішы. У гэты дзень вернікі згадваюць перабыванне Хрыста целам у магіле і чакаюць Уваскрашэння збаўцы.

Асвячаюцца стравы – яны маюць сваё значэнне, напрыклад хлеб нагадвае эўхарыстыю, мясныя стравы нагадваюць пра баранка божага, яйкі – сімвал новага жыцця, – кажа ксёндз Аляксандр Фаміных, вікарый Кафедральнага касцёлу Імя Найсвяцейшай панны Марыі.

Увогуле ж падрыхтоўка да святкавання цягнецца ўвесь пакутны тыдзень – тыдзень перад Вялікаднем. За кожным днём замацаваўся пэўны пералік рэлігійных перажыванняў і традыцыйных дзеянняў.

Беларусы ўспрымаюць Вялікдзень не толькі як галоўную падзею рэлігійнага календара, але і як значнае сямейнае свята, традыцыі якога перадаюцца ад пакалення да пакалення.

Хрысціяне ўсходніх і заходніх канфесіяў зазвычай святкуюць Вялікдзень у розныя тэрміны. Гэта звязанае з адрозненнямі ў календарах і вылічэннях. Аднак сёлета свята ў грэка-каталікоў, праваслаўных і каталікоў прыпала на адзін дзень. Мінулы раз гэтак здарылася ў 2014 годзе. А чарговае супольнае святкаванне Вялікадня адбудзецца ажно ў 2025-ым.

Гэта свята для ўсіх хрысціянаў вельмі вялікае, гэта па сутнасці першае свята ў хрысціянстве, мы святкуем перамогу пана Езуса над смерцю і ўваскрэсенне таго, хто адчыніў нам неба і даў надзею на жыццё вечнае, – кажа вікарый менскага кафедральнага касцёлу.

Сёння ўвечары ў святынях усіх канфесіяў адбудуцца ўсяночныя набажэнствы. Менавіта з удзелу ў іх і пачынаецца святкаванне Вялікадня.

ІД, «Белсат»