Аб'ектыў 24.03.2018 Напярэдадні Дня Волі адбыліся прэвентыўныя затрыманні ў рэгіёнах


У Бярозе затрымалі актывіста Аляксандра Кабанава, блогера, які змагаецца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Яшчэ раней у Берасці затрымалі ягонага паплечніка Сяргея Пятрухіна. Актывісты бралі ўдзел у акцыях супраць пабудовы шкоднага прадпрыемства. Адная з іх адбылася тры тыдні таму і выглядала як звычайны шпацыр з кармленнем галубоў.

«Людзі проста прыйшлі, каб паказаць, што хопіць. Хопіць з нас здзекавацца, мы маем права сюды прыйсці, нягледзячы на забароны і штрафы. Мы думаем пра сваю будучыню, будучыню нашых дзяцей», – казаў Кабанаў 4 сакавіка.

Ужо сёння вядома, што Пятрухін і Кабанаў правядуць Дзень Волі за кратамі. А заўтра ў Берасці адбудзецца санкцыянаваны ўладамі вулічны фестываль з нагоды 100-годдзя БНР.

«Улады вельмі баяцца асвятлення пратэстаў супраць акумулятарнага заводу, баяцца, што прыйдуць на дазволеную акцыю з нагоды Дня Волі, і будуць выказваць сваё меркаванне», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Зрэшты, баяцца ўлады грамадскага меркавання не толькі на вуліцы. Неверагодна, але факт. Берасцейская міліцыя ўжо вынесла папярэджанні траім асобам, якія абмяркоўвалі магчымы пратэст падчас чату ў Вайбэры.

«У адной з групаў чату ў Вайберы было абмеркаванне чарговае, вельмі эмацыйнае, наконт будаўніцтва заводу, наконт таго што ўлады не рэагуюць. Нехта заклікаў перакрыць трасу М1», – распавядае Раман Кісляк.

Адзначыліся праваахоўныя органы сёння не толькі на Берасцейшчыне. Гэтак, у Бабруйску ў ізалятар змясцілі Галіну Смірнову – лідарку мясцовага аддзялення Аб’яднанай грамадзянскай партыі і прафзвязу РЭП. Яшчэ ўчора спадарыня Смірнова падавала паўторную заяўку на пікет у Бабруйску. Пікет забаранілі, а маёр міліцыі Сяргей Рудзько асабіста папярэдзіў апазіцыянерку аб адміністратыўнай адказнасці.

«Высветлілася сёння зранку дзесьці ля 11 гадзін, што Галіну арыштавалі, а ў панядзелак будзе суд», – адзначыла Таісія Кабанчук.

Бліжэй да вечара выявілася, што беспадстаўна затрымалі таксама і Таісію Кабанчук.

«Мы ўсе разам планавалі ехаць у Менск, на мітынг, на канцэрт. Думаю, што ўлады хочуць, каб нас было як мага меней», – распавядае актывіст БХД Сяргей Пігулеўскі.

Цягам апошніх дзён міліцыя праводзіла затрыманні ў сталіцы. Дзень Волі за кратамі сустрэнуць 5 сябраў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Сярод іх Уладзімір Някляеў і Вячаслаў Сіўчык. Затрыманыя збіраліся ўзяць удзел у святочным шэсці, якое б мела пачацца на плошчы Якуба Коласа а 12-ай гадзіне.

Пад вокнамі дома Міколы Статкевіча няспынна дзяжураць людзі ў цывільным.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары