Напад ці правакацыя?


Крымінальнай справы супраць футбалістаў клубу «Крумкачы» Сяргея Казекі і Паўла Расолькі не будзе, аднак іх могуць асудзіць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Затрымалі спартоўцаў напярэдадні за нібыта пашкоджанне міліцэйскага мікрааўтобуса. Што насамрэч адбылося падчас акцыі пратэсту ў Менску – напад ці правакацыя?

«Напад на службовы аўтамабіль». Гэтак Міністэрства ўнутраных справаў акрэсліла інцыдэнт з пашкоджаным сінім бусам без апазнавальных знакаў. Канфлікт адбыўся падчас нядзельнага мітынгу ў Менску. Людзі ў цывільным выскачылі з мікрааўтобуса ды пачалі збіваць і затрымліваць чалавека. Адна са сведак гэтак апісвае сітуацыю:

«Выглядала гэта як напад на журналіста. Калі мужчыну ў ярка-сіняй майцы, як камізэлька прэсы, павалілі на зямлю, усе адразу падбеглі дапамагаць. Але вельмі моцна махалі кулакамі там, і большасць людзей пачала адыходзіць ад гэтай агрэсіўнай калатні ды шаптацца: напэўна, ціхары адзін з адным бʼюцца».

Падставаў для такіх рэзкіх дзеянняў з боку міліцыі не было – упэўнены праваабаронца Алег Волчак – людзі ішлі спакойна. Да таго ж у адпаведнасці з законам праваахоўнікі павінныя быць у форме.

«На дадзенай карцінцы тут больш падобна да правакацыі – каб стварыць камусьці карцінку, што тут мітынгоўцы правакуюць, бʼюць машыны. Ніхто не кідаў камяні ў машыну. Проста людзі былі ў шоку ад такога грубага прымянення сілы», – кажа праваабаронца і былы следчы Алег Волчак.

За пашкоджанне міліцэйскага мікрааўтобуса затрымалі футбалістаў «Крумкачоў» Сяргея Казеку і Паўла Расольку, якія пешшу вярталіся з трэніроўкі. На відэа яны сярод тых, хто стаіць у арцы. АМАП пры затрыманні моцна збіў спартоўцаў. Цяпер футбалісты на свабодзе і збіраюцца падаваць у Следчы камітэт заяву аб збіцці ды неправамоцнасці затрымання.

«З імі працуе наш адвакат. У яго дастаткова відэадоказаў, што футбалісты не прымалі ўдзелу ні ў якіх сутычках. Затрыманне было такім жорсткім, што Сяргея Казеку давялося ўначы дастаўляць у бальніцу хуткай дапамогі. У яго была зламаная хрыбетка і пашкоджаная правая нырка. І цяпер яму як мінімум чатыры тыдні трэба ляжаць – ложкавы рэжым прапісаны», – гаворыць прэс-сакратар ФК «Крумкачы» Сяргей Южык.

Тым часам улады хочуць паказаць у брутальным святле пратэстоўцаў, а не сілавікоў. Прадстаўнік Міністэрства абароны заяўляе: удзельнікі пратэстаў робяць сховы з прутамі ды коллем.

«Нашыя вайскоўцы знаходзілі масу розных схованак. З нарыхтаванымі прутамі, завостраным коллем. На дахах дамоў – мяхі з камянямі, апоны, гаручыя вадкасці. Хтосьці потым кажа, што гэта ўсё было для мірных пратэстаў, мірных дэманстрацыяў», – сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі.

Гэта ўсё галаслоўна, – кажа былы следчы Алег Волчак:

«Гэтыя заявы пра пруты мы ўжо праходзілі ў 2010 годзе. Памятаеце, на плошчы і ледарубы былі, сякеры былі. А калі суд быў над кандыдатамі ў прэзідэнты, ніводнага ледаруба, ніводнай сякеры мы не знайшлі».

Праваабаронца адзначае: падзеі апошніх тыдняў паказваюць, што пратэстоўцы ў Беларусі больш дысцыплінаваныя і законапаслухмяныя, чым праваахоўныя органы.

Анастасія Русецкая, «Белсат»